Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ

РОДНАЕ

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя

ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ
Постаці
У святле Бібліі
Постаці

РЫЦАР ХРЫСТА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Проза

МІЖЧАССЕ
На шляху веры

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА
Асобы

ВЯЛІКІ ЖЫЦЦЯЛЮБ
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Аркадзь ШПУНТ

ПРЫВІТАННЕ З ТАГО СВЕТУ

Нататкі рэстаўратара

«У жыцці быў для Вас прыяцелем — шчырым і адданым, тым больш застануся ім пасля смерці...»

Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі

...дазвол на рэстаўрацыю алтароў у касцёле падаваўся збоем у функцыянаванні дзяржаўнай машыны. Збоі ў працы маўленчых органаў пры ўтварэнні гукаў змушалі задумацца не толькі пра артыкуляцыю мовы, але і пра тое, што называюць (хто б мог падумаць!) артыкуляцыяй палітычных інтарэсаў, дакладней — выказваннем грамадзянамі сваіх патрэбаў і патрабаванняў ураду.

З патрэбамі неяк змірыліся, а аб патрабаваннях нават і не марылі. Бюст генсека нагадваў упрыгожаны зоркамі фюзеляж пераможнага знішчальніка. На беларускіх могілках з’явіліся зробленыя за кошт ваенкаматаў фанерныя абеліскі — таксама з зоркамі. Кожнаму па адной — бляшанай. Але заслужанай. Толькі па тэлевізары пра гэта не паведамлялі.

Інстынкт самазахавання змушаў не задумвацца...

...а ксёндз пераканана і гучна сцвярджаў, што хутка ўсё зменіцца, што камуністам засталося нядоўга панаваць, што імперыя дажывае свае апошнія дні...

Не верылася.

Крамольныя выказванні ксяндза тады здаваліся мне амаль вар’яцкімі. Ён і савецкая ўлада ўзаемна выключылі свае адносіны, але перада мною быў не мастацкі вобраз, а рэальны благадушны антысаветчык. Я не мог уявіць жыцця гэтага «выключанага», як зрэшты, і заключанага. Я толькі разумеў, што ён быў з тых, для каго не існавала ніякага выбару.

...рыцар ва ўбранні каталіцкага святара, ён жа — садавод, які пеставаў усялякія расліны на апрацаваным сваімі рукамі кавалку зямлі і размаўляў з імі, а таксама з птушкамі і сабакамі, як і належыць настаяцелю хоць і былога, але францішканскага касцёла. Штаб Ваенна-марскога флоту ў келлях кляштара, карлінскі хасід Баал Шэм, які таксама меў «свяшчэнную звычку» размаўляць з жывёламі і разумеў мову птушак і дрэваў, — усё змяшалася ў маёй савецкай галаве. Да таго ж, слухаць ксяндза было небяспечна. Зрэшты, ён і не настойваў. Так, між іншым, кіне часам слова сваім адметным тэмбрам, які нагадваў мне... трэшчыну ў габоі.

І сёння здзіўляюся прадбачанню ксяндза Казіміра і сваёй слепаце. Але гэта сёння...

...а тады, калі я ўпершыню ўвайшоў у брамку касцёльнай агароджы, ён рухава каціў насустрач мне цяжкую тачку, напоўненую бітаю цэглаю.

Трэба сказаць, што ён каціў тачку са звыклым спрытам, але сваім абліччам зусім не нагадваў прафесійнага чорнарабочага. Складкаю вуснаў і выступаючым падбародкам ён хутчэй нагадваў Дантэ Аліг’еры з вядомага партрэта работы Рафаэля. Зрэшты, ксёндз Казімір (як я даведаўся пазней) пабываў у такім пекле, што Дантэ і не снілася, і менавіта там дасканала засвоіў майстэрства ваджэння тачкі.

«Дантэ» быў апрануты ў выцвілую блакітную тэніску, кароткія рукавы якой не хавалі моцных загарэлых рук. Цэгла ў тачцы была са сцяны касцёла, у якой ксёндз Казімір і яго адданы памочнік Юзаф Каліноўскі хавалі труну біскупа Лазінскага, які, нават лежачы ў труне, чамусьці не даваў спакою пільным ахоўнікам дзяржаўнай бяспекі. Але пра гэта тады ніхто не ведаў...

Ксёндз Казімір не быў падобны да «тутэйшага» жыхара. Ён падаваўся іншаземцам. Магчыма, справа была ў цвёрда-дапытлівым паглядзе яго вачэй за шкельцамі акуляраў, у адчуванні вольнай энергіі, якая праменілася ад яго ўсмешкі. Магчыма, у заўважным акцэнце. А можа, у лёгкай, колеру хакі, куртцы з пагончыкамі. Не знешне, але гэтаю курткаю, сваёй абаяльнасцю і шчырасцю ён нагадваў мне персанажа фільма Анджэя Вайды. Ён здаваўся мне састарэлым Мацекам, які цудам пазбегнуў смерці на звалцы, выжыў у засценках і лагерах, ацалеў, не страціўшы веры. Але, у адрозненне ад героя Вайды, не «заблукаўшы на вайне», ён не шукаў выбару і ні на хвіліну, нават пад страхам смерці, не сумняваўся ў праваце сваёй веры.

Я, зрэшты, як і многія, не мог не паддацца абаяльнасці гэтага «адмоўнага персанажа» — адмоўнага ў вачах савецкай улады, якая так і не займела над ім сваёй улады. Рамантычны арэол лунаў нават у пазалоце непаслухмяных кудзерак над лысінаю ксяндза Казіміра. А як ён смяяўся, калі была нагода, — цалкам па-дзіцячаму, узахлёб...

«Из пепла нам блеснул алмаз». Азірніцеся і задумайцеся, што пакінуў пасля сябе на зямлі і ў людскіх душах першы ў гісторыі Беларусі ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк.

...часам, затрымаўшыся на рыштаваннях перад пачаткам святой Імшы, я назіраў, як збіраліся на набажэнства бабулькі, пажылыя жанчыны, і думаў: што адчувае ён, энергічны, быццам з заведзенай тугой спружынай унутры, калі бачыць сваю нешматлікую паству, — гэткае бесперспектыўнае зборышча...

Касцёл дзіўна абуджаўся. Няўлоўнае рэха скрыпаў, крокаў, шорахаў, шэптаў і ўздыхаў раставала пад высокім скляпеннем. Быццам самі па сабе запальваліся свечы...

Аднойчы, звярнуўшы ўвагу на нязвыклы гук, я ўбачыў, як ад самых дзвярэй касцёла жанчына на каленях перасоўвалася ад алтара да алтара. І ёй, думаў я, напэўна ж, не чужая ўся гэтая прыгажосць, напэўна ж, радуе велічнасць барока і сэрца напаўняе захапленне ад буяння пазалочанай разьбы, але, лабызаючы бліскучыя драўляшкі дэкору, яна, безумоўна, і не памышляе ні пра якія стылі і нават не памятае пра тое, што ксёндз прасіў жа не дакранацца да свежай пазалоты, каб не папсаваць яе. Жанчыне, разумеў я, не да дробязяў, нават калі яны і шэдэўры мастацтва, — яна моліцца... І я ёй нават пазайздросціў, не ўсведамляючы добра, чаму зайздрошчу...

Мне хацелася быць у касцёле не староннім, а сваім і, апрача таго, што я сам бачыў і разумеў, хацелася бачыць і разумець яшчэ і вачыма, розумам і душою веруючага чалавека. Як бы я ўспрымаў прыгажосць сакральнага мастацтва, калі б быў веруючым? — думаў я.

«Искания мои привели меня в смятение»... Святы Аўгустын адрозніваў два пачуцці: жаданне прыгожага і страх, што эстэтычная асалода запануе над поўным пашаны малітоўным настроем.

Жаданне прыгожага заўсёды было не чужым мне, эстэтычная асалода — таксама, але страх мяне не палохаў... бо малітоўны настрой быў мне невядомы.

Пакутліва разумеючы гэтую сваю павярхоўнасць, сваю няпоўнасць, я, назіраючы ксяндза Казіміра, намагаўся пранікнуць і зразумець... хоць я і сёння добра не ведаю, што я хацеў зразумець. Проста прыглядваўся і ні пра што не пытаўся... бо недзе прачытаў і ўнутрана пагадзіўся з думкаю пра тое, што досвед веры не перадаецца.

З лёгкай бояззю праходзячы каля змрочных канфесіяналаў, я ўсё ж асмельваўся зазірнуць скрозь разьбу кратаў, што прапускалі людскую праўду да вушэй святара ў прыцемкі, якія, здавалася, яшчэ больш згушчаліся ад перапаўняўшых іх шэптаў. Гледзячы на ксяндза, я не мог зразумець, як можна гэтак весела і ласкава кантактаваць з людзьмі, захоўваючы ў сабе іх тайны, грахі і пакаянні. Ён здаваўся вельмі дасведчаным, разумным, мудрым і надзвычай адукаваным чалавекам, і я не разумеў, што ў яго агульнага з цёмнымі, аджыўшымі свой век бабулькамі.

Мае сумненні ў яго шчырасці, за якія мне сорамна і сёння, хутка зніклі, але, нават сумняваючыся, я не пераставаў захапляцца святаром, убраным у залататканыя адзенні, якія перамянялі яго да непазнавальнасці і рабілі яго фігуру падобнаю да аднаго з паліхромных упрыгожанняў алтара. Вякамі нязменныя строі натуральна ставілі яго ў святарскія шэрагі, пачатыя тысячы гадоў назад.

...Мне падабаліся дзеці, апранутыя ў асляпляльна белыя карункавыя комжы, якія надавалі ім нешта анёльскае. Падабаўся гук званочка, які абвяшчаў пачатак святой Імшы, — ён ліўся, быццам з нябёсаў. Падабаўся водар язміну ў прыцемках касцёльнай прахалоды — белыя кветкі таксама пераўтвараліся, упрыгожваючы алтар. Самыя простыя расліны раптам набывалі дзіўную боскасць, перад якою згасала рукатворнае майстэрства старажытнай разьбы па дрэве і жывапісе.

Мне падабалася бачыць, як шызы дым кадзіла адрываецца ад разгайданых на ланцужках кадзільніцаў і, падхоплены гукамі арганаў, узносіць малітвы парафіянак да выгнутых скляпенняў, у недасяжную вышыню.

Падабаўся абмен знакам супакою з незнаёмымі людзьмі.

Каталіцкая абраднасць вабіла мяне. Няведанне польскай мовы не перашкаджала спасцігаць значнасць таго, што адбывалася на маіх вачах. Магчыма, нават садзейнічала. Не паглыбляючыся ў сутнасць словаў, я паглыбляўся ў хрысціянскую сімволіку, у мелодыку і рытміку святой Імшы, адчуваючы подых часу, які страчваў сваю хуткасць у ззянні барока. Мне здавалася, што я чую паланэз, пад гукі якога белая прасціна, прыціснутая Мацекам да грудзей, афарбоўвалася крывёю. У чорна-белым фільме чорнае падавалася чырвоным... але гэта «так і між іншым», як казаў ксёндз Казімір Свёнтэк...

Эстэтыка запаланіла мяне.

...не назаву сябе добрым католікам, і ніхто не назаве. Маё месца сярод катэхуменаў, бо падчас набажэнства мне больш звыкла проста слухаць голас святара, хрысцячыся на рыштаваннях пад столлю касцёла, у той час як парафіяне, укленчыўшы, моляцца перад алтаром. Але і сярод катэхуменаў для мяне прыдатнае месца, бо і яго магло не быць і жыў бы я за дзвярыма касцёла, магчыма, нават не шкадуючы пра сваё няведанне.

Прынцыповасць і стаўленне да веры Казіміра Свёнтка не дазваляюць мне перасекчы мой limbus, перайсці мяжу нартэкса.

...Ведаю, што ва ўласцівай яму манеры, іранічна скрывіўшы куточак вуснаў, ён бы выказаў сваё стаўленне да маёй нерашучасці і ляноты, да маіх квяцістых развагаў пра лімбы і нартэксы... аднак гэтак і ёсць, а ён больш за ўсё не выносіў ханжаства. Перад ім не трэба было імкнуцца ствараць пра сябе добрае ўражанне, тое, што сёння называюць іміджам. Трэба было проста заставацца сабою з усімі сваімі слабасцямі і неразумнасцю. Зрэшты, гэта не так проста, як здаецца, але затое можна было без аглядкі аддавацца сваёй справе, не сумняваючыся ў тым, што яна будзе справядліва ацэненая. Добрая праца выклікала ў яго шчырае захапленне і радасць. Здавалася, што іншай узнагароды і не трэба. Аднак ён не забываўся, што ў час развітага сацыялізму ўсялякая праца ацэньвалася грашыма.

...настаў і мой час, і я па волі Божай сказаў у сэрцы сваім: няхай станецца воля Твая, Божа! І пераканаўся, што досвед веры сапраўды не перадаецца. І прыняў сакрамэнт хросту сярод рыштаванняў амаль адроджанага касцёла, і атрымаў права посахам ці мечам крэсліць на зямлі рыбу — таемны знак першых хрысціянаў. Каб пазнаваць адзін аднаго. Каб ён пазнаваў мяне... Дарэчы, пра рыбу: ён быў вельмі азартным і ўдалым рыбаком.

Вярнуўшыся ў Пінск пасля дзесяцігадовай адсутнасці, згаладаўшыся ў зоне вечнай мерзлаты па благадаці беларускай зямлі, ён, здаралася, прападаў на Ясельдзе. Прывыкаў да адзіноты вольнага чалавека. Цешыўся яднаннем з прыродаю ў чаканні добрага ўлову. Здаралася, у рыбацкім азарце вылоўліваў столькі, што спыняўся толькі тады, калі перапоўненая ляшчамі, яршамі, плоткамі, акунямі, карасямі і шчупакамі лодка пачынала чэрпаць бартамі ваду... і што загадаеце потым рабіць з гэтаю рыбаю?

Мяхі з уловам ён перакідваў праз сядзенне свайго матацыкла, і ўсе насельнікі вуліцы Шаўчэнкі тыдзень харчаваліся свежаю рыбаю... але гэта «так і між іншым», як любіў часам гаварыць ксёндз Казімір пра ўсё, што не тычылася інтарэсаў Касцёла і веры.

...падманваючы сябе, уяўляю, што ён ненадоўга з’ехаў у Рым ці ў Парыж... ці ў Баранавічы (усё роўна не відаць і не чуваць). І думаю, а чаму не ўявіць (калі ўжо пачаў уяўляць), што ён на Небе, «на высакосцях»? Таксама ж не ўбачыць і не пачуць, як за мяжою, дзе я ніколі не бываў... дзе галінкі дрэваў поўныя залатымі пладамі, якія прыводзяць яго ў дзіцячае захапленне, бо растуць проста над галавою, насычаючы залатое паветра сваім тонкім водарам аж да самага неба.

...І быццам аднекуль адтуль, дзе вечнае існаванне пануе ў гармоніі з усім стварэннем, дзе няма зла, пакутаў і хваробаў, да мяне раптам прыйшло... яго прывітанне. Нечаканае прывітанне з іншага вымярэння, пастырскае благаслаўленне мне і маім блізкім. Унукі змогуць ганарыцца... некалі потым. Бо мая праца ўзнагароджаная яго падзякаю, засведчанай яго подпісам: з яго архіваў мне раптам перадалі ад яго грамату...

...і «я відушчым бачу зрокам», як знаёмая рука з шырокім запясцем, заплямленая крапам старасці, спазнаўшая цяжкую працу і невыносны холад, упрыгожаная пярсцёнкам, які з даўніх часоў сімвалізуе адданасць Касцёлу і кардынальскую годнасць, быццам раскручваючы спружыну, вымалёўвае подпіс почыркам, які сфармаваўся больш за 75 гадоў назад за партаю Пінскай духоўнай семінарыі.

Уласнаручны росчырк кардынала Казіміра Свёнтка і яго пячатка, узятыя ў рамку на дарагім для мяне дакуменце, цяпер упрыгожваюць сцяну ў маёй майстэрні, і я быццам адчуваю дабратворную прысутнасць яго асобы.

Працягваю, як і раней, гаварыць пра яго і размаўляць з ім, бо ён... застаўся для мяне прыяцелем і пасля смерці.

І часам ён нават адказвае мне...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY