|
|
|
№
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя
Постаці
У святле Бібліі
Постаці
Пераклады
Паэзія
Проза
На шляху веры
Асобы
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Перэгрынацыя копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай трывае з кастрычніка 2012 года, распачаўшыся з мінскай архікатэдры. На сёння яна ўжо адбылася ў частцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай, Пінскай і Гродзенскай дыяцэзіях. Людзі вельмі ахвотна прыходзяць, каб даручыць сваё жыццё Пану Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі падчас перэгрынацыі. У розных парафіях яна праходзіць па-рознаму: напрыклад, у Бабруйску падчас перэгрынацыі ўдзяляўся сакрамэнт хросту, але кожны раз, калі святар прыязджае ў парафію з копіяй цудатворнага абраза, адбываецца святая Імша ў інтэнцыі ўсіх парафіянаў. Перэгрынацыя абраза, як і іншыя рэлігійныя практыкі, з’яўляюцца, як казаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, своеасаблівымі агульнадыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі. Гэта час аднаўлення для парафіяў і парафіянаў. Я заўважыў, што, на якім узроўні вядзецца душпастырская праца ў парафіі, такім жа чынам адбываецца пасля і перэгрынацыя, столькі людзей і прыходзіць на яе. Вельмі шмат у парафіі залежыць ад працы душпастыра. Калі душпастырства ідзе належным чынам, людзей не трэба заахвочваць да ўдзелу ў пабожных практыках, яны самі ўсё ведаюць і самі прыходзяць у касцёл. Добрае душпастырства значыць, перш за ўсё, што людзі разумеюць важнасць рэгулярнага карыстання сакрамэнтам святой споведзі і святой Камуніі. Так і павінна быць, але здараецца, што да канфесіянала прыходзяць людзі, якія шмат месяцаў не былі ў споведзі без сур’ёзных прычынаў — проста ў парафіі няма такой магчымасці! Але калі душпастырская праца вядзецца належным чынам, людзей дастаткова проста праінфармаваць аб тым, што будзе адбывацца, напрыклад, перэгрынацыя копіі цудатворнага абраза, і ў вернікаў будзе натуральнае імкненне быць у касцёле і прымаць у ёй удзел.
Перэгрынацыя — гэта такі духоўны «выбух» для краіны, вялікае духоўнае ўзрушэнне. Шмат людзей, асабліва ў Гродзенскай дыяцэзіі, толькі цяпер адкрывае для сябе абраз Маці Божай Будслаўскай. Яны кажуць: «А мы нават і не ведалі, што ў нас у Беларусі ёсць такі абраз». Я лічу, што гэта вялікі духоўны пад’ём, які расплюшчвае вочы людзей на духоўныя багацці Беларусі. Абраз Маці Божай Будслаўскай за свае 400 гадоў у Беларусі быў сведкам і ўдзельнічаў ва ўсіх падзеях, што перажывалі нашыя продкі на гэтых землях. Гэты абраз увабраў у сябе ўсе радасці, усе трывогі і праблемы людзей, якія спакон веку тут жылі і жывуць. Без перабольшвання можна сказаць, што абраз Маці Божай Будслаўскай — сапраўдная святыня Беларусі, бо і перад гэтым абразом людзі маліліся ў часы пераследаў і выпрасілі тую рэлігійную свабоду, якую мы маем цяпер, здабыўшы нарэшце духоўнае адраджэнне для краіны. Езус Хрыстус дае нам збаўленне. Марыя — Маці нашага Збаўцы. Яна — Тая, хто дала нам Збаўцу, і няма іншага шляху, акрамя таго, якім Марыя вядзе нас да Хрыста. Удзел у справе вызвалення чалавека ад злога духа і збаўлення людскіх душаў — місія, пакліканне Найсвяцейшай Панны Марыі. Яна выканала яе, прыняўшы калісьці ў Назарэце словы Божага пасланца, і Яна рэалізуе гэтую місію і цяпер там, дзе мы жывем. І кожны раз, калі мы глянем на гісторыю Касцёла, у аб’яўленнях Дзевы Марыі людзям, ва ўсіх без выключэння, Найсвяцейшая Панна паказвае на Езуса Хрыста і заклікае людзей да навяртання, каб яны прынялі Евангелле Езуса Хрыста. Яна сама стаіць нібы збоку, але накіроўвае тых, да каго звяртаецца, накіроўвае ўсіх людзей да свайго Сына. Падчас падрыхтоўкі да юбілею абраза была распрацаваная і рэалізаваная трохгадовая праграма духоўнай падрыхтоўкі вернікаў: «Марыя — выбраная дачка Айца Нябеснага», «Марыя — святыня Духа Святога», «Марыя — Маці Збаўцы». У праграме паказана непарыўная сувязь Багародзіцы з трыма Асобамі Найсвяцейшай Тройцы, паказана роля Найсвяцейшай Панны Марыі ў гісторыі нашага збаўлення. І менавіта гэтыя Марыйныя тэмы закраналіся ў канферэнцыях, разважаннях, пропаведзях падчас падрыхтоўкі да юбілею прабывання цудатворнага абраза на Беларусі, каб яшчэ раз нагадаць нам пра тую ролю, якую Маці Божая выконвае ў нашым жыцці і збаўленні, — Яна вядзе нас да Езуса Хрыста, паказвае нам на Збаўцу. Апроч таго, кожны год падрыхтоўкі быў уключаны ў тэматыку літургічнага году: Году святарства, Году веры… Абраныя марыялагічныя дэвізы былі заўсёды ўплеценыя ў тэматыку кожнага душпастырскага году, які мы перажывалі. Калі мы кажам пра 400-годдзе прабывання ў Будславе цудадзейнага абраза Маці Божай, у людзей заўсёды ўзнікаюць пытанні пра праявы гэтай цудадзейнасці. Асабіста я перакананы, што калі б Будслаў не быў сапраўды святым месцам, людзі не прыходзілі б сюды ў шматлікіх пілігрымках, не маліліся б перад гэтым абразом. Зразумела, можна прымусіць людзей нешта рабіць і некуды ісці, але сюды ідуць тысячы пілігрымаў, якія добраахвотна ахвяруюць час свайго адпачынку. Напэўна, людзі вельмі добра адчуваюць святасць гэтага месца і таму імкнуцца сюды, да цудатворнага абраза Маці Божай, каб занесці Богу свае малітвы, просьбы, падзякі. Што тычыцца цудаў, я б вызначыў дзве іх катэгорыі. Першая — гэта цуды духоўныя, якія адбываюцца ў сэрцы і душы чалавека, і мы іх не бачым: аздараўленне душы, навяртанне да Бога, ласка прабачэння. Яны невідавочныя, але ёсць шмат выпадкаў, бо людзі пакідаюць у касцёле памяткі пра гэтыя падзеі, воты. І другая катэгорыя — гэта цуды матэрыяльныя, калі так можна сказаць. Цудоўны ўжо сам факт, што касцёл і абраз зберагліся ў савецкія часы, што касцёл захаваў сваю першапачатковую форму і функцыю, не быў знішчаны ў час пераследу, калі мноства святыняў было разбурана, і падчас вайны, і пасля яе. Былі спробы ўзарваць святыню падчас адступлення савецкіх войскаў на пачатку вайны, і тады вернікі абаранілі касцёл. І ў савецкія часы касцёл заставаўся касцёлам, будслаўская святыня не была забраная ў вернікаў ніколі! З 1939-га да 1981 года ў ёй не было святара, аднак ключы ад касцёла былі ў людзей, і святары праездам маглі пакрыёма цэлебраваць святую Імшу і ўдзяляць сакрамэнты. Будслаўскі касцёл не быў выкарыстаны ні як завод, ні як склад. Найсвяцейшая Панна Марыя аберагала сваю святыню. Дзякуючы гэтаму захаваліся і фрэскі, і багатае ўбранне касцёла. Будслаўская святыня ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Тут захаваліся вельмі каштоўныя фрэскі канца XVIII стагоддзя аўтарства Казіміра Анташэўскага, што можна таксама лічыць адной з праяваў святасці гэтага месца. Зразумела, веру нельга знішчыць так проста, як будынак, бо яна жыве ў сэрцы чалавека, святыня ж дапамагае вытрываць у веры і развіваць яе, але важна не трапіць у падман, у пастку, думаючы, што муры касцёла даюць нам збаўленне. Касцёл дапамагае, але сапраўдная вера нараджаецца ў сэрцы, і такіх сэрцаў на Беларусі было шмат і ў савецкія часы, і не толькі ў Будславе. Дзякуючы гэтаму, дзякуючы трывалым малітвам вернікаў мы цяпер маем рэлігійную свабоду.
З 2004 года не спыняецца рамонт базылікі. Апошні рамонт адбываўся ў 1929 годзе, яшчэ перад вайною, і з 1981 года, калі ў Будславе пачаў працаваць ксёндз Францішак Грынкевіч, пачаліся працы па аднаўленні святыні. Замененыя вокны, падлога, электраправодка, цалкам завершаны рамонт даху. Цяпер адбываецца рамонт фасадаў касцёла, умацаванне і гідраізаляцыя фундамента, што вельмі важна і патрэбна. Многае робіцца дзякуючы падтрымцы Мінскага аблвыканкама. Пасля гэтых надзённых працаў, неабходных для захавання базылікі, можна будзе казаць і пра рэстаўрацыю фрэсак у касцёле, і пра рэстаўрацыю галоўнага алтара святыні. Цудатворны абраз Маці Божай ужо быў рэстаўраваны ў 1991-1992 гадах мінскім мастаком Віктарам Антонавічам Лукашэвічам, аднак галоўны алтар, дзе знаходзіцца абраз, яшчэ чакае рэстаўрацыі. У будслаўскім касцёле захаваліся таксама два званы з часу пабудовы святыні, 1783 года, адзін з іх разбіты, але другі цэлы. Добра было б аднавіць і арганы, якія знаходзяцца ў Будславе з канца XVIII стагоддзя. Старэйшыя людзі памятаюць, што і ў 60-я гады арганы яшчэ гралі, але пазней яны былі разбітыя і сёння таксама патрабуюць аднаўлення і рамонту. Зразумела, што гэта праца не на адзін год. Дзякуючы падтрымцы Мінскага аблвыканкама сёлета рэстаўрацыя святыні і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол касцёла ўключаныя ў інвестыцыйную праграму вобласці (выдзеленыя сродкі). Цяпер вядуцца працы ў парку, кладуцца тратуары і асфальт на тэрыторыі каля святыні, будуць зробленыя новыя сходы ў базыліку. Шмат чаго запланавана і робіцца, паглядзім, як з Божай дапамогай гэта атрымаецца. Я вельмі радуюся слову «юбілей», але не хачу, каб рабіўся вялікі акцэнт на гэтым слове, таму што кожны раз, калі чалавек прыходзіць у святыню і атрымлівае ад Бога тое, чаго просіць (калі на гэта Божая воля), калі дзякуе Богу за атрыманае, — гэта ўжо вельмі вялікае свята. 400 гадоў абраз знаходзіцца ў Будславе, але самае галоўнае тое, што цяпер, як і 400 гадоў таму, людзі маюць магчымасць прыйсці ў гэтую святыню, даручыць сваё жыццё Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай. Адбываецца шмат цудаў, і духоўных, і матэрыяльных, відавочных і ўкрытых у сэрцы чалавека, пра якія мы ніколі не даведаемся, і гэта — самае істотнае. Што да самога святкавання, ёсць пэўныя моманты, якія падкрэсліваюць юбілейны характар сёлетняй урачыстасці. Перш за ўсё, з намі будзе прадстаўнік Папы Рымскага Францішка, кардынал Жан Луі Таран, папскі легат. У гэтым годзе будзе прысутнічаць больш біскупаў, святароў, вернікаў не толькі з Беларусі, а таксама і з-за мяжы, з Польшчы, Украіны, Літвы, Расіі — краінаў, з якімі мы разам выходзілі з савецкага мінулага. У гонар сёлетняй урачыстаці Белпоштай падрыхтавана юбілейная паштовая марка, якая будзе пагашаная ў Будславе, а Нацбанк выпусціў юбілейную манету да 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. Набажэнствы падчас урачыстасцяў будуць адбывацца ў традыцыйным парадку: адбудзецца спецыяльная святая Імша для пілігрымаў увечары; акрамя Нешпараў і Акафіста, які праводзіць Грэка-каталіцкая Царква, будзе звернута ўвага на падрыхтоўку вернікаў да споведзі — рахунак сумлення, каб усе, хто прыходзіць у Будслаў, мелі магчымасць падрыхтавацца да шчырай споведзі і пасля прыняць святую Камунію (некаторыя святары спавядаюць па 9 гадзін без перапынку!). Я ж сам чакаю ад урачыстасці таго, чаго чакаю кожны дзень, аб чым пастаянна малюся і на што спадзяюся: каб кожны чалавек, які прыходзіць у пошуках свайго шляху да Бога і знаходзіць яго праз абраз Маці Божай Будслаўскай, на гэтым шляху атрымаў патрэбныя яму ласкі, быў умацаваны Богам праз Найсвяцейшую Панну Марыю. Для мяне самы галоўны сэнс урачыстасцяў — і большых, і меншых, — каб чалавек заўсёды прыходзіў да Бога і не толькі прасіў Яго аб нечым у малітве, але і дзякаваў Яму за атрыманыя ласкі. Самыя большыя мае мары і спадзяванні — каб кожны чалавек абавязкова знайшоў дарогу да Бога.
Гл. таксама:
|
|
|
|