|
|
|
№
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя
Постаці
У святле Бібліі
Постаці
Пераклады
Паэзія
Проза
На шляху веры
Асобы
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Час — гэты «пажыральнік усяго», як казалі старажытныя, шмат што змяняе, шмат перайначвае. Ён робіць плыткаю і няўлоўнаю саму тканіну быцця, змешваючы падзеі, рэчы, імёны, постаці. Так адбылося і з дзвюма часава, духова і творча блізкімі асобамі — настаўніка і вучня: святога Канстанціна (у манастве Кірыла), празванага Філосафам, і ягонага малодшага векам аднайменніка Канстанціна, які пазней будзе названы Прэслаўскім. Смугою вякоў іх абліччы замгліліся, імёны змяшаліся, лёсы перапляліся... Канстанцін Прэслаўскі належаў да кола вучняў таго Канстанціна, які разам са сваім братам Мятодам здабудзе вянок святасці. Яны будуць светачамі хрысціянства і, аднойчы заззяўшы ў Вялікай Маравіі, якая стане калыскаю славянскага абраду, азораць усіх славянаў Еўропы святлом Хрыстовай веры. Невядома, адкуль паходзіў гэты іх вучань і калі нарадзіўся. Мы не ведаем нават, ці быў ён ужо на свеце, калі ў 863 г. вялікамараўскі князь Расціслаў запрасіў братоў у сваю краіну. Можам толькі здагадвацца, ці не атрымаў ён свайго імя ад імя славутага настаўніка. Пра яго ж настаўнікаў вядома больш. Паходзілі яны з ваколіц македонскага горада Салуня (сёння Салонікі на поўначы Грэцыі), дзе насельніцтва было славянскім (раннія крыніцы згадваюць у гэтым рэгіёне славян другавітаў), і з дзяцінства павінны былі валодаць мясцовай славянскай мовай. Браты атрымалі выдатную адукацыю. Канстанцін, які будзе празваны потым Філосафам, стаў прафесарам візантыйскага ўніверсітэта і належаў да інтэлектуальнай эліты з атачэння патрыярха Фотыя. Старэйшы брат Мятод быў дасведчаным адміністратарам і прэфектам адной з правінцый недалёка ад Салуня. Абодва былі людзьмі вялікага таленту і палымянай веры, напоўненыя духам адзінства ўсіх хрысціянаў у Хрысце і прагаю несці праўду Евангелля паганскім народам. У Вялікай Маравіі асветнікі знайшлі ўжо часткова падрыхтаваную для гэтага глебу: яшчэ ў VIII ст. тут працавалі ірландскія і шатландскія бэнэдыктыны, якія, магчыма, паклалі пачатак і стварэнню першай славянскай азбукі — глаголіцы. А ў час прыходу братоў у краі пашыралі веру баварскія місіянеры з Пасаўскай дыяцэзіі, падлеглай Зальцбургскай мітраполіі, якія выкарыстоўвалі ў сваёй працы тэксты на славянскай мове, пісаныя лацінкаю. Частка краіны была ўжо хрысціянізаваная.
Для місіі ў дзяржаве Расціслава Канстанцін Філосаф распрацаваў альбо дапрацаваў глаголіцу. Салунскія браты, паяднаўшы грэцкую і рымскую літургічную традыцыі ды ўвёўшы ў набажэнства славянскую мову, стварылі сваю адмысловую славянскую літургію, якую іх вучні прынеслі потым у Балгарскае царства, да славянаў на поўдні, поўначы і ўсходзе. Канстанцін і Мятод пераклалі на мову асноўныя богаслужбовыя тэксты, а таксама часткі Святога Пісання. Разам з пашырэннем веры разгортвалася асветніцкая дзейнасць місіі. Асветнікі выхавалі і далі належную адукацыю цэламу шэрагу вучняў, якія потым пашырылі славянскую пісьмовасць, славянскую літургію і славянскі абрад далёка за межы Вялікай Маравіі ды сталі апосталамі веры і асветы для іншых народаў. Дзякуючы ім славянскі абрад быў прыняты і яшчэ доўга захоўваўся ў Чэхіі, на поўдні Польшчы, на землях Украіны і Беларусі, дзе пратрываў да сярэдзіны ХІІІ ст. і толькі пазней паступова быў заменены візантыйскім абрадам, але з славянскай богаслужбовай мовай. Яшчэ даўжэй, відаць, ён існаваў у паўднёвых славянаў, сербаў і харватаў; у апошніх яго з часам замяніў лацінскі абрад са славянскай богаслужбовай мовай. Богаслужбовыя кнігі на глаголіцы выдаваліся ў Харватыі яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст., а на некаторых астравах Далматыйскага ўзбярэжжа арыгінальны славянскі абрад з выкарыстаннем глаголіцы захоўваўся да самага апошняга часу. Місія славянскіх апосталаў у Вялікай Маравіі раўніва і варожа была сустрэтая ў суседняй Баварыі, у Пасаўскай дыяцэзіі, якой тэрыторыя краіны падлягала ў адміністрацыйна-касцёльных адносінах. Нямецкае духавенства выступіла супраць славянскага пісьма і славянскага абраду, абвяшчаючы іх ерассю, і запатрабавала, каб літургія правілася толькі на лацінскай мове. У гэтых умовах стала немагчымаю далейшая місійная праца ў краі і высвячэнне на святароў і дыяканаў вучняў, падрыхтаваных за гэты час Канстанцінам і Мятодам. Таму, каб абараніць лёс славянскага абраду і будучыню хрысціянства ў Вялікай Маравіі, у 867 г. на запрашэнне папы Адрыяна ІІ браты вырушылі ў Рым. Па дарозе ў Венецыю яны ў знакамітым дыспуце з прадстаўнікамі «трыязычнай ерасі», якія прызнавалі кананічнасць толькі трох моваў — габрэйскай, грэцкай і лацінскай, адбiлі ўсе аргументы працiўнiкаў славянскага абраду, прывёўшы шэраг цытатаў з Бiблii, у якiх усе народы заклiкаюцца хвалiць Бога на сваіх мовах. У Вечны горад славянскія апосталы прынеслі свой дар — рэліквіі св. папы Клімэнта, якія яны адкрылі яшчэ раней, у 861 г., падчас місіі да хазараў у крымскім Хэрсанэсе (Корсуні). Нягледзячы на перашкоды немцаў, браты былi вельмi прыхiльна прынятыя папам Адрыянам II, якi прызначыў Мятода арцыбiскупам на Маравiю, а многiя з вучняў славянскiх асветнiкаў былi кансэкраваныя на святароў і дыяканаў. Але брат Мятода Канстанцін не вярнуўся ў Маравiю, а пастрыгся ў манахi пад iмем Кiрыла i, застаўшыся ў Рыме, вiдаць, прысвяцiў сябе перакладу Святога Пiсання i богаслужбовых кнiг. На жаль, праз два гады ён цяжка захварэў і 14 лютага 869 г. памёр (пахаваны ў базыліцы св. Клімэнта). Перад вяртаннем у Маравiю св. Мятод атрымаў ад Папы булу «Gloria in altissimis Deo» з зацвярджэннем славянскай мовы як лiтургiчнай. Пазней ён быў намінаваны Папам мітрапалітам на адноўленую колішнюю Сірмійскую мітраполію ў Вялікай Маравіі.
Аднак гэта яшчэ больш узмацніла нападкі з боку нямецкага духавенства. Мятод быў кінуты ў вязніцу, і толькі рашучае ўмяшанне новага папы Яна VIII прынесла яму вызваленне. Баварскія біскупы палічылі прызначэнне Мятода ўмяшаннем у свае правы і зноў пачалі абвяшчаць славянскі абрад ерассю. Папа выклікаў Мятода ў Рым і склікаў сінод, які цалкам апраўдаў і пацвердзіў усе яго правы, а Пантыфік абараніў яго новай булаю «Industriae tuae». Пасля смерці папы Яна VIII у 882 г. абставіны змяніліся не на карысць славянскага абраду. Вялікамараўскі князь Святаполк ужо не меў такой прыхільнасці да славянскага хрысціянства, як яго папярэднік Расціслаў. Не меў яе і суфраган Мятода, біскуп Віхінг, які пачаў дзейнічаць супраць яго на карысць баварскага духавенства. Смерць Мятода ў 884 г. сталася пачаткам катастрофы. Віхінг і баварскія біскупы звінавацілі яго ў няпраўным прызначэнні перад смерцю сваім наступнікам Горазда, а славянскі абрад і яго стваральнікаў — у арыянстве. Грунтуючыся на гэтых звінавачваннях, новы папа Стэфан VI адхіліў ад улады Горазда і сваімі лістамі, у тым ліку і да Святаполка, забараніў славянскі абрад. У выніку ўсю духовую ўладу над Вялікай Маравіяй атрымаў Віхінг з правам увесці лацінскае богаслужэнне, а князь Расціслаў прагнаў славянскіх святароў, вучняў Кірыла і Мятода, з краіны. Некаторыя з іх нават былі прададзеныя ў рабства. Сярод прададзеных апынуўся, відаць, і вучань славянскіх апосталаў Канстанцін, пазней названы Прэслаўскім. На яго долю выпалі не толькі ўсе нягоды апошніх часоў славянскага хрысціянства ў Маравіі, але і ганебная няволя, з якой ён з іншымі вучнямі быў выкуплены толькі стараннем аднаго з візантыйскіх саноўнікаў. Пазней аддзяленне Чэхіі і венгерскае нашэсце ў канцы ІХ – пачатку Х ст. паклалі канец існаванню самой вялікамараўскай дзяржавы. Вучні салунскіх святых, якія не трапілі ў няволю, разышліся па ўсіх славянскіх краях, несучы на новыя абшары асвету і святло Евангелля ў зразумелай і блізкай мове. Адным з такіх прыстанішчаў славянскага абраду стала Балгарскае царства, утворанае прышлымі з усходу цюркамоўнымі качэўнікамі булгарамі, якія змяшаліся з тубыльцамі славянамі. Тут ужо было прынятае хрысціянства з Візантыі. У 864 г. падчас візантыйскага нашэсця мясцовы хан Барыс быў ахрышчаны і прыняў імя Міхаіл у гонар тагачаснага візантыйскага імператара. Барыс павёў палітыку, скіраваную на ўтварэнне незалежнай ад Візантыі царкоўнай арганізацыі. У 886 г. ён урачыста, з вялікай пашанаю прыняў у сваю дзяржаву прагнаных з Маравіі вучняў Кірыла і Мятода — Клімэнта, Навума і Ангелярыя. Пазней да іх далучыўся выкуплены з няволі Канстанцін. Асцерагаючыся прызначаных у край візантыйскіх святароў, Барыс не адважыўся пакінуць вучняў славянскіх асветнікаў у сваёй сталіцы — Плісцы, а паслаў у іншыя гарады. Клімэнт апынуўся ў македонскім Охрыдзе, а Канстанцін — у балгарскім Прэславе. Дзякуючы іх ахвярнай працы быў выхаваны цэлы шэраг выдатных дзеячаў славянскага хрысціянства, былі ўзноўленыя пачатыя ў Маравіі пераклады Святога Пісання і літургічных кніг, створаныя шэдэўры арыгінальнай літаратуры на царкоўнаславянскай мове. Узніклі два самыя славутыя цэнтры славянскай кніжнасці — Охрыдская і Прэслаўская кніжныя школы. Сам Клімэнт Охрыдскі стаў адным са складальнікаў пашыранага жыця св. Кірыла, аўтарам службы св. Кірылу, шэрагу Павучэнняў і Пахвальных словаў для вернікаў. У Охрыдзе ўся пісьмовасць існавала ў форме, прынесенай з Маравіі, — на глаголіцы.
У Прэславе, куды праз нейкі час была перанесеная сталіца царства, паўстаў другі славуты цэнтр хрысціянскага асветніцтва і культуры балгарскага і ўсіх славянскіх народаў ІХ–Х стст. Тут працягвалася праца над перакладам Бібліі і літургічных кніг, пісаліся арыгінальныя хрысціянскія творы, ствараліся творы мастацтва, выхоўваліся святары і манахі. У Прэславе плённа развілася творчасць Канстанціна Прэслаўскага. Ён стаў укладальнікам гэтак званага «Вучыцельнага Евангелля» — збору, у які ўваходзіла Азбучная малітва — вершаваны твор на славянскай мове, дзе кожны новы малітоўны радок пачынаўся з назвы чарговай паводле алфавіту славянскай літары, а таксама больш за пяцьдзясят Гутарак святых айцоў і казанняў на евангельскія тэмы. Па сутнасці «Вучыцельнае Евангелле» стала першым у славянскай пісьмовасці сістэматызаваным зборам казанняў. Як лічаць цяпер многія даследчыкі, Канстанцін быў таксама і стваральнікам новага славянскага алфавіту — кірыліцы, хоць нямала і тых, хто перакананы ў прыярытэце ў гэтым яго настаўніка, святога Канстанціна-Кірыла, ад імя якога яна быццам бы і атрымала сваю назву. У 893 г. сын Барыса цар Сімяон склікаў царкоўны сабор у новай сталіцы дзяржавы Прэславе, на якім быў абраны першы балгарскі епіскап, а славянская мова была абвешчаная афіцыйнай моваю дзяржавы і Царквы. Магчыма, на гэтым саборы і было пастаўленае пытанне пра неабходнасць распрацоўкі ці ўвядзення новай, кірылічнай, азбукі. Відаць, не паўсюль у Балгарскім царстве, дзе ў адміністрацыі і Царкве выкарыстоўвалася грэцкая мова і служылі візантыйскія святары, была прыхільна прынятая глаголіца. Пасля абвяшчэння славянскай мовы афіцыйнаю ні дзяржаўны апарат, ні Царква не змаглі б хутка і бесперашкодна перайсці на глагалічную графіку. Таму кірыліца стала своеасаблівым кампрамісам паміж славянскім абрадам і пісьмовасцю ў глагалічнай «апратцы» і традыцыямі візантыйскага абраду і справаводства на грэцкай мове. У аснову новай кірылічнай азбукі быў пакладзены грэцкі алфавіт, а літары для перадачы адмысловых славянскіх гукаў былі альбо цалкам запазычаныя з глаголіцы, альбо стылізаваныя на грэцкі лад. Але бадай самым славутым арыгінальным паэтычным творам, які таксама звязваюць з імем Канстанціна Прэслаўскага, стаў Проглас (Прадмова) да Евангелля. Ён захаваўся ў некалькіх пазнейшых кірылічных спісах ХІV–ХVІ стст., а ўпершыню быў адкрыты славістам А. Ф. Гільфэрдынгам (1858 г.) у адным з сербскіх манастыроў, ад назвы якога рукапіс названы Печскім. Навукоўцы падзяляюцца ў меркаваннях пра аўтарства Азбучнай малітвы і Прогласу. Вельмі часта іх прыпісваюць Канстанціну Прэслаўскаму, але традыцыя і большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што іх творцам быў сам Канстанцін Філосаф — святы Кірыл. Абодва творы з’яўляюцца першымі ластаўкамі сілабічнай паэзіі на славянскай мове. Напісаныя дванаццаціскладовым памерам з цэзурай пасля пятага склада, яны звязаныя адною тэмаю, якая асабліва выразна выяўляецца ў Прогласе, — велічным гімне Кнізе і Слову, якое на поўны голас прамаўляе ў Евангеллі. Каб умець чуць і спасцігаць, што кажа нам Бог, душа найперш павінна ўспрыняць пачаткі кніжнай мудрасці, засвоіць грамату, каб, навучыўшыся складаць літары ў словы, убачыць за імі само Слова. Гэтая ж думка: праз літару да Духу, зашыфраваная, — як мяркуюць некаторыя мовазнаўцы, — і ў славянскай азбуцы, якую ўсё часцей спрабуюць прачытваць як адно завершанае пасланне: «Аз буки веди. Глаголи: добро есть» і г.д. Азбука, Азбучная малітва і Проглас успрымаюцца як адзінае цэлае, паяднанае адной ідэяй і створанае адною асобаю. Натхнёна гучыць у Прогласе заклік да ўсіх славянаў увайсці ў святло Божай праўды праз авалоданне граматай і кніжнымі ведамі адначасна з прыняццем Евангелля і на яго аснове. Мова і пісьмо ўспрымаюцца як сакральныя з’явы, як знакі прысутнасці Найвышэйшага. Твор прасякнуты вераю ў вялікую моц і дзейснасць пісьмовасці, кніжнага навучання і выхавання для духовай перамены чалавека, для навяртання і збаўлення. Водгалас гэтых думак і ідэй, выказаных у ім, мы знойдзем потым у прадмовах да кніг Святога Пісання Францішка Скарыны. А пакуль што ўслухаймася ў голас творцы, магчыма, самога святога Кірыла, які прамаўляе да нас у Прогласе Евангелля, пераказаным беларускім бардам і паэтам Алесем Камоцкім.
Гл. таксама:
|
|
|
|