|
|
|
№
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя
Постаці
У святле Бібліі
Постаці
Пераклады
Паэзія
Проза
На шляху веры
Асобы
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Дзякаваць Богу, імя мастака і ягоная творчасць у апошнія гады выходзіць з ценю забыцця. Пасля выставы 1980 года (пасмяротнай), якую зладзілі ў Палацы мастацтва сябры мемарыяльнай камісіі Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Мікола Назарчук, Ядвіга Раздзялоўская, Аляксей Марачкін і аўтар гэтых радкоў, пасля сціплых нататак у газетах і сціплай брашуркі Віктара Шматава Міхась Сеўрук як бы знік з небасхілу беларускага выяўленчага мастацтва. Правінцыйны нясвіжскі мастак — што пра яго пісаць, калі мінскія мэтры стаяць у чарзе да журналістаў. Але ў 2006 годзе па ініцыятыве заслаўскай творчай суполкі «Мастак» і яе кіраўніка Віктара Маркаўца пачалася шматгадовая акцыя: знаёмства аматараў мастацтва з творамі Віленскай школы, а дакладней, з творамі заходнебеларускіх мастакоў М. Сеўрука, П. Сергіевіча, Я. Драздовіча, С. Вішнеўскага, З. Крачкоўскага, В. Сідаровіча, П. Южыка. На працягу некалькіх гадоў было падрыхтавана і паказана ў Мінску, Віцебску, Заслаўі і Смаргоні ажно 7 выставаў (без грантаў, спонсараў, фундацыяў і матэрыяльнай дапамогі з боку дзяржавы, усё — на энтузіязме). І яшчэ адна цікавая дэталь: усе дэманстраваныя творы, а іх набралася паўтары сотні — з прыватных збораў. Уяўляеце, якая за гэтым стаяла арганізацыйная і пошукавая праца? У канцы 2012 года фірма «Баў-холдынг» (кіраўнік А. Клімантовіч) выдала вялікі насценны каляндар з дваццаццю пяццю творамі М. Сеўрука (жывапіс і графіка), і зноў жа, з прыватнай калекцыі. У сакавіку бягучага года ў Нясвіжы адчыніўся дом-музей мастака з пашыранай, адноўленай, ажно ў трох пакоях, экспазіцыяй ягоных палотнаў. Да гэтай падзеі нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей здолеў выдаць альбом, складзены мясцовым мастаком М. Канавалавым. Шмат інфармацыі пра М. Сеўрука з’явілася і ў інтэрнэце. Але хто б ні пісаў пра мастака — і светлае памяці В. Шматаў, і сённяшнія даследчыкі С. Гваздзёў, С. Харэўскі, М. Мацаль, Т. Гаранская, І. Калібаба ды іншыя — усе ўжываюць адно і тое ж акрэсленне: «жывапісец і графік», не шкадуючы эпітэтаў: «выдатны майстар», «выдатны жывапісец і графік», «майстар афорту і лінарыту». І гэта справядліва, бо ў малюнку М. Сеўрук — віртуоз, у жывапісе — тонкі каларыст і бліскучы кампазітар, асабліва ў тэматычных карцінах, у эстампе — універсал з выдатным валоданнем усімі вядомымі гравёрнымі тэхнікамі (ксілаграфія, лінарыт, афорт і г.д.). А ён жа вучыўся на манументаліста! Няўжо ў гэтым мастацтве нічога не стварыў, нават не спрабаваў? Як наш сучаснік, светлае памяці Яўген Кулік, які выдатна абараніў дыплом па класе жывапісу, але ўсё астатняе жыццё прысвяціў графіцы. Выяўленыя апошнім часам эскізы касцёльных роспісаў і абразоў сведчаць пра бездакорны прафесіяналізм М. Сеўрука і ў манументальным мастацтве сакральнай тэматыкі. На жаль, мы не ведаем, што з гэтых ідэяў, вобразаў, задумаў было ажыццёўлена ў матэрыяле. Адзіны эскіз, разбіты на клеткі для павелічэння «ў натуру», сведчыць, што кампазіцыя была ўвасобленая, але дзе, на якой сцяне, у якой святыні, ды й ці захавалася да нашых дзён — невядома. Адрас толькі аднаго касцёла ёсць на эскізе роспісу плафона прэзбітэрыя. Усе выяўленыя малюнкі тычацца каталіцкай іканаграфіі. Біблейскія тэмы, сюжэты былі вядомыя Міхасю Сеўруку з дзяцінства, бо ён пэўны час жыў і выхоўваўся ў сям’і дзеда па маці, протаіерэя сноўскае царквы Стэфана Арэня, аднак канфесійная прыналежнасць самога мастака дагэтуль не высветленая. Як жа Міхась Сеўрук, нашчадак старадаўняга беларускага шляхецкага роду (герба «Слепаворан») жыў у Вільні 1930-х гадоў з дыпломам мастака ў кішэні, не маючы ані маёнтка, ані спонсараў, ані дзяржаўнай пасады? Чым ён зарабляў на хлеб надзённы? Напэўна ж, зарабляў пэндзлем, разцом, алоўкам. Пісаў заказныя партрэты і краявіды, прадаваў уласныя эстампы (гл. газету «Kurier» за 29.03.1937 г.), не грэбаваў афармілаўкай (вітрыны ды шыльды крамаў), займаўся часопіснай і кніжнай графікай. Аднойчы пашчасціла — аформіў вялікую прамысловую выставу. З гэтага і жыў... Вільня 1930-х гадоў была пераважна каталіцкім горадам; выкладчыкі М. Сеўрука па Віленскім універсітэце — Ф. Рушчыц, Л. Сляндзінскі, А. Штурман, Ю. Клос — усе католікі, каханая Міхася, дачка віленскага бурмістра Каліеўскага, — таксама. Дарэчы, калі іх адносіны ўжо набліжаліся да шлюбу, дзяўчына раптоўна моцна захварэла і неўзабаве памерла. Безумоўна, Міхась Сеўрук быў чалавекам заходняй культуры. Захад — гэта італьянскае квадрачэнта і французскі імпрэсіянізм, гэта жывапіс Рэнесансу, цалкам сакральны, гэта готыка, барока, ампір, ракако. Віленскае барока Міхась Сеўрук маляваў і ўвасабляў у эстампах мноства разоў. Ці займаўся ён праваслаўнай тэматыкай — пакуль што невядома. Згадаем, што Пётра Сергіевіч, ягоны старэйшы калега, з аднолькавым поспехам распісваў і цэрквы, і касцёлы, дэманструючы такім спосабам своеасаблівы мастакоўскі экуменізм (гл. «Наша вера», № 1 (2) 1996 г.). ...Я не мастацтвазнаўца, гэты артыкул — пасыл прафесіяналам. Шукайце, знаходзьце, даследуйце, пішыце. Уладзімір Крукоўскі
|
|
|
|