Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ

РОДНАЕ

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя

ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ
Постаці
У святле Бібліі
Постаці

РЫЦАР ХРЫСТА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Проза

МІЖЧАССЕ
На шляху веры

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА
Асобы

ВЯЛІКІ ЖЫЦЦЯЛЮБ
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Алесь ЧОБАТ

ПАМІЖ ЛІПЕНЕМ І ЛІСТАПАДАМ

Магдалена

спадарожніца Яна апостала,
Маці Марыі
і другой Марыі —
Марыя Магдалена імені ўласнага,
каму адкрыўся Езус,
калі знайшлі камень, адвалены ад магілы,
і Ён хадзіў па Зямлі, а ніхто не бачыў Яго,
Марыя Магдалена адна —
бо другія чакалі, а яна верыла.

І адкрыўся Езус, калі прыйшоў той дзень.

І пайшла ў палац пракуратара,
яечка галубінае белае
падала́ Пілату,
і кроў жывая стала ў яго руках —
так Хрыстус уваскрос!
і стала вера
на Небе і на Зямлі.

Пілат лепш за іншых ведаў,
куды знік Юда і чаму жывы Езус,
бо ведаў Пілат,
чые людзі майструюць свет,
а Магдалена не ведала —
Магдалена верыла:
Бог жыве між людзей
і сам сустракае,
каго захоча і калі захоча —
як паміж ліпенем і лістападам.

 

Максім

Максім, высокі біскуп з Правінцыі1
ад мора да мора,
стаяў там, дзе пастаўлены быў.

Хісталі імперыю войны, рокашы, закалоты.
Легіёны эвакуявалі Брытанію.
Готы перайшлі Дунай,
спустошылі Ілірыю, Панонію,
разрабавалі Рым.
Аэцый2 спыніў гунаў
на Каталунскім полі —
і быў забіты ў палацы імператара.
Гніла імперыя — ад патрыцыяў да рабоў.

Максім, высокі біскуп з Правінцыі,
стаяў там, дзе стаяў,
бо там быў пастаўлены —
не службай, а верай.
Бо меў такое імя: быць вышэй
і дацягнуцца да Бога.
А цярпенні і цуды яго
няхай спакойна спяць у Гісторыі,
як паміж Зямлёю і Небам,
бо чалавек абавязаны
заўжды стаяць там, дзе належыць.
І ў тым яго найвялікшы цуд.

 

Cygnus3

Цвілі жаўлінкі і анюткі,
снег дзьмухаўцоў збіваўся ў пыл,
самотны Лебедзь плыў бялюткі
з рук Магдалены Радзівіл.

Быў час марозны, век спякотны,
ламаўся фронт, хістаўся тыл,
а Лебедзь плыў сабе самотны
ад Магдалены Радзівіл.

Blancádo vélo unisóla4
пісаў дзівак5 на свой капыл,
а Лебедзь быў яшчэ вясёлы
без Магдалены Радзівіл.

Але нядоўгі лёс пражыты
ў час перуноў, зламаных крыл —
і Лебедзь з неба ўпаў падбіты
да Магдалены Радзівіл.

І крыкнуў Лебедзь трубным плачам
на пекла край, на хмараў схіл —
і больш не жыў, і больш не бачыў
слёз Магдалены Радзівіл.

 

Санет

У кнігах кожны час і кожны свет
заўсёды побач — там, дзе іх Паэт
і дзе пяро са смагай п’е атрамант.

Час вечаровы. Пах баршчу з шынка6.
Раяль цалуе тонкая рука.
І летапісец згорбіўся ў пергамент.

Вось сімвал твой, забыты Краю родны!
Сапраўдны твар заўсёды старамодны.
Не будзь Эўропай — не смяшы людзей.

Бо там пісаць амаль ніхто не ўмее.
Бо сэрца б’ецца тут, там — камянее,
і тут жыві, пішы і халадзей...

 

Мастак

Цяжкі час я занёс на крутую гару,
і цяпер ісці лёгка пад горку,
пазнаваць блізкі свет,
які высніў яшчэ да званка, —
Аляксандра Ліпеня спомню
ў труне на падворку,
смак халоднай і жоўтай,
спрацаванай рукі мастака.

Што мне думаць ізноў
тыя лёсы ўсяе Беларусі?!
Хто тут прыйдзе з вайной,
а хто будзе з чужою віной...
Калі думаць баюся,
над кім яшчэ нахілюся, —
пакуль нехта малодшы
нахіліцца нада мной?!

І пакуль тая зорка Венера,
як чайка, на Нёман не сядзе,
і пакуль свет стаіць
хутарскою газніцай у сне,
мне спакойна на гэтай зямлі,
бо ў сваім лістападзе
Аляксандр Іванавіч Ліпень
чакае мяне.

2011 год, чэрвень


  1. Паўднёвая Францыя
  2. Аэцый, «апошні вялікі рымлянін», 15 чэрвеня 451 года каля м. Труа ў Шампані разбіў 100-тысячную армію Атылы.
  3. лац.; герб «Лебедзь» мінскіх князёў Завішаў; ім пазначаная кніга М. Багдановіча «Вянок», выдадзеная ў 1913 г. у Вільні на грошы М. Радзівіл-Завішы;
  4. эсп. «Белеет парус одинокий», верш М. Лермантава, з перакладу якога пачалася мова эсперанта;
  5. Людвіг Замэнхоф, аптэкар з Гродна і Беластока, вынаходнік эсперанта;
  6. тут і далей: аплікацыі з вершаў М. Багдановіча.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY