Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ

РОДНАЕ

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя

ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ
Постаці
У святле Бібліі
Постаці

РЫЦАР ХРЫСТА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Проза

МІЖЧАССЕ
На шляху веры

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА
Асобы

ВЯЛІКІ ЖЫЦЦЯЛЮБ
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Юры ГАБРУСЬ

ФЕРАНЦ ЛІСТ:
ФАНТАЗІЯ І ФУГА ДЛЯ АРГАНАЎ
НА ТЭМУ З ОПЕРЫ
ДЖ. МЕЕРБЕРА «ПРАРОК»

(«Ad nos, ad salutarem undam»)

«Феранц Ліст», каля 1880 г.,
малюнак Франца фон Ленбаха.

Пра славутага еўрапейскага кампазітара вугорскага паходжання Феранца (Франца) Ліста ў гісторыі сусветнай музыкі напісана надзвычай багата. Піяніст-віртуоз, пачынальнік традыцыі публічнага сольнага фартэп’яннага канцэртавання, кампазітар-эксперыментатар — гэта ўсяго толькі частка характарыстыкаў творцы. Прадметам асобнага артыкула можа стаць ягоная яскравая і авантурная біяграфія. Дарэчы, Феранц Ліст быў шчырым вернікам, а ў позні перыяд свайго жыцця нават прыняў духоўны сан.

Вядомы амаль кожнаму чалавеку — прафесійнаму музыку або не — унёсак кампазітара ў эвалюцыю фартэпіяннай музыкі і тэхнікі выканальніцтва: Лісту належаць шматлікія канцэртныя фантазіі, эцюды, некалькі цыклаў фартэпіянных мініяцюраў, славутыя венгерскія рапсодыі, два канцэрты і несмяротная сі мінорная Саната. Значную частку ягонай творчасці складаюць апрацоўкі і парафразы на тэмы твораў іншых кампазітараў. Здавалася, што Ліст чэрпае асаблівае натхненне ад працы над чужым музычным матэрыялам, бо творы з гэтай катэгорыі складаюць амаль палову ягонай музычнай спадчыны. Варта адзначыць яшчэ адну асаблівасць творчага стылю класіка: жарсць да апрацовак і пераапрацовак тычылася не толькі твораў іншых музыкаў, але і сваіх уласных, што і абумовіла з’яўленне шматлікіх варыянтаў п’есаў, заснаваных на першапачаткова ідэнтычным матэрыяле.

Гэтыя дзве іпастасі Ліста — кампазітара-піяніста і аранжыроўшчыка — шырока вядомыя, але не шмат людзей абазнаныя ў тым значным унёску, можна сказаць, рэвалюцыйным, які ён здзейсніў у сферы арганнага мастацтва, найперш — у філасофіі кампазітарскага разумення гэтага «караля інструментаў». Першы і, бадай, адзін з найбольш значных твораў (Прэлюдыя і фуга на тэму В-А-С-Н) для арганаў Ліст напісаў у досыць сталым узросце ў 1850 годзе, а апошні — у апошнія месяцы жыцця ў 1886 годзе. І на працягу гэтага перыяду кампазітарам былі створаны значныя і вельмі глыбокія па змесце арганныя паэмы-медытацыі (шмат з якіх, дарэчы, таксама былі аранжыроўкамі ягоных аркестровых, харавых або фартэпіянных твораў). З узростам стыль кампазітара становіцца ўсё болей інтравертным, малітоўна-трансцэндэнтальным: у позніх творах Ліст цалкам выракаецца віртуозных элементаў як недарэчных у сакральнай музыцы (прынамсі, сваёй уласнай). Гэтыя творы амаль немагчыма пачуць цяпер у арганных канцэртах (напэўна, з-за іх акрэсленай антыканцэртнай скіраванасці).

Датычна значнасці лістаўскай арганнай спадчыны варта працытаваць словы з адной сучаснай яму публікацыі, дзе гаворыцца, што «…Ліст заняў гэткую самую пазіцыю ў арганным мастацтве, што й раней у фартэпіянным. Такім самым чынам, якім ён раней эксперыментаваў на „піянафортэ“ — цалкам унікальным — сёння, за арганамі, ён дасканала разумее, як выявіць паўнату бляску і велічы гэтага інструмента» (Франц Брэндэль, Zeitschrift für Musik, № 15, 5 кастрычніка 1855 г.).

Гэтая цытата дае яскравае адлюстраванне прадбачаных аўтарам наватарскіх высілкаў Ліста, без якіх немагчыма было б уявіць найвышэйшыя дасягненні французскай арганна-сімфанічнай школы, прадстаўнікамі якой сталі Франк, Відор, В’ерн, у нейкай ступені Сэн-Санс, а таксама шэдэўраў і манументальных арганных палотнаў нямецкага позняга рамантызму і экспрэсіянізму ў асобах Рэгера, Фермана і Карг-Элерта.

Значнасць арганнай творчасці Ліста выявілася ў вынаходжанні ім разумення арганаў як сімфанічнага інструмента. Ягоны найбуйнейшы і, мабыць, найбольш значны твор — фантазія і фуга «Ad nos, ad salutarem undam» на тэму з оперы «Прарок» Дж. Меербера. Па сутнасці, гэтая п’еса — адзін з найпершых пошукаў у рэчышчы сімфоній для арганаў SOLO. Трэба адзначыць, што маштабныя арганныя творы з назвай «сімфонія» з’яўляліся і раней, але, дзякуючы гістарычнаму збегу абставін, яны засталіся па-за ўвагай музычнага мэйнстрыму. Гэта можна сцвярджаць досыць упэўнена, нягледзячы на тое, што фантазія не адпавядае характарыстыкам жанру сімфоніі, а твор не мае адпаведнага аўтарскага падзагалоўка. Рэч у тым, што «протасімфанізм» выяўляецца ў фантазіі праз яе манументальны размах, кантрасны тэматызм і ўласна трактоўку кампазітарам арганаў як дзіўнага сімбіёзу фартэпіяна і сімфанічнага аркестра. Кідаецца ў вочы і тое, што галоўная тэма твора запазычана з оперы.

Так званым «прарокам» у сюжэтнай фабуле оперы выступае звычайны хлопец, уладальнік карчмы — Ёган. Ператварыцца ў крыважэрнага тырана яго змусіла прага адпомсціць крыўдзіцелям, панам д’Обэрталям, за гвалтоўныя разлучыны з ягонай каханаю — Бертай. Каб вызваліць яе, Ёган пагаджаецца на прапанову анабаптыстаў назвацца прарокам і павесці іх войскі на штурм гарадоў і кляштараў. Між тым, сама Берта ўцякла з палону паноў, кінуўшыся з муроў замка, і распачала пошук Ёгана. Захапіўшы ўладу ў Мюнстэры, анабаптысты ўсталявалі там сваю тыранію, а жыхароў давялі да галечы. Берта даведваецца ад маці Ёгана, якая страціла сувязь з сынам, што той, мусіць, быў забіты войскамі «прарока», і таму клянецца адпомсціць… Між тым супольныя імперскія войскі ідуць на штурм захопленага Мюнстэра. Шанцы на перамогу мізэрныя, таму анабаптысты змаўляюцца выдаць Ёгана, але той даведваецца пра гэта і задумвае свой план. Неўзабаве ён сустракае Берту, якая пранікла ў замак «прарока», каб падарваць склады з порахам. Але, пазнаўшы ў «прароку» Ёгана і ўсведамляючы, што яе каханы стаў прычынай крыві ды гвалту па ўсёй краіне, Берта забівае сябе кінжалам. У адчаі Ёган спраўляе апошні баль, падчас якога, у момант, калі на сцэне з’яўляюцца ўсе дзейныя асобы — імперскія войскі, паны д’Обэрталі, паплечнікі-здраднікі анабаптысты — адбываецца выбух і ўсе гінуць. Як бачым, насычаная тэматыка няшчаснага кахання, помсты і здрады змрочна гармануе з рамантычным пафасам опернага лібрэта, далёкага ад пераказу традыцыйных біблейскіх сюжэтаў.

Тэма «Ad nos, ad salutarem undam» (з лац. «З намі, да хваляў збавення») з’яўляецца псеўдахаралам у тым сэнсе, што ў оперы (у першай дзеі) яна выконваецца хорам анабаптыстаў і сваёй структурай імкнецца адпавядаць старадаўнім аўтэнтычным харалам часоў класічнай Рэфармацыі. Праз усё дзеянне оперы яна сімвалізуе заклік да паўстання і барацьбы народных масаў з арыстакратычным прыгнётам. Такі быў час!.. У трохі змененым Лістам выглядзе тэма становіцца асновай развіцця, рухавіком усіх музычных падзеяў п’есы на працягу прыблізна паўгадзіны (час выканання фантазіі вагаецца ў залежнасці ад выканаўцы ад 25 да 39 хвілінаў). Сама тэма ўмоўна падзяляецца на дзве часткі, а фантазія мае тры выразныя раздзелы. Першая частка тэмы складае галоўны музычны матэрыял пачатковых 140 тактаў і мае трывожна-напружаны характар. Пасля адразу з’яўляецца другая палова ў выглядзе пабочнай тэмы, і яе асаблівасцю ёсць фанфарна-батальны афект, што падкрэсліваецца аўтарскім указаннем рэгістроўкі — Tromba. Пасля дасягнення кульмінацыі праз невялікі рэчытатыўны раздзел Ліст падводзіць нас праз шэраг мадуляцыяў да казачна-медытатыўнай другой часткі (Adagio) такім чынам, што слухач не павінен заўважыць пераход. Пачатак другой часткі вызначаецца аднагалосым правядзеннем усёй тэмы цалкам у мажоры на pianissimo. Праз досыць працяглы час міралюбна-пастаральных пераўвасабленняў музычнага матэрыялу знянацку наскоквае агрэсіўны ўступ-рэчытатыў трэцяй часткі Allegro deciso, які, ізноў жа мадуляцыйна, выліваецца ў фінальную фугу-фантазію, дзе галоўная тэма праз шэраг варыяцыяў падводзіць слухача да апафеознага фінальнага харалу ў экстатычным, асляпляльным до мажоры.

Прэм’ера оперы «Прарок» Джакома Меербера адбылася 16 красавіка 1849 года. Поспех пастаноўкі быў такі вялікі, што кампазітара ўшанавалі ордэнам Ганаровага легіёну. Слава оперы хутка выйшла за межы Францыі, і неўзабаве адбыўся шэраг іншых прэм’ераў у шматлікіх гарадах Германіі. Такім чынам, музыка «Прарока» стала вядомая Лісту і, відавочна, моцна яго ўразіла, бо ён амаль адразу паспрабаваў шляхам перапіскі з аўтарам набыць партытуру оперы для стварэння парафразаў на тэмы з яе. Замест партытуры, аднак, кампазітар атрымаў толькі клавір оперы, але гэтага было досыць, каб пачаць сваю працу. Першапачаткова кампазітар стварыў шэраг апрацовак для фартэпіяна, якія ў хуткім часе былі апублікаваныя. Але ці то ў выніку дрэздэнскай прэм’еры оперы ў лютым 1850 г., ці то дзякуючы прыватнай замове арганіста Фердынанда Бройнунга Ліст спыняе працу над фартэпіяннымі парафразамі і распачынае працу над манументальнай фантазіяй «Ad nos». Напісанне гэтага вялізнага, болей чым на 700 тактаў твора, які ў першадруку заняў не менш як 50 старонак, адбылося амаль вокамгненна — з 18 па 31 кастрычніка 1850 года. Апублікаваць жа твор удалося толькі ўвесну 1851-га, прычым асаблівасць гэтага выдання заключалася ў тым, што, на замову выдаўца, яно сумяшчала адразу два варыянты: адзін прызначаўся, вядома, для сольнага арганнага выканання, а другі — для выканання на фартэпіяна ў чатыры рукі. Такім чынам выдавец перасцерагаўся ад няўдачы праекту, бо тэхнічная складанасць твора была камерцыйна рызыкоўнай. Прэм’ера ж твора мела досыць пакручастую гісторыю: упершыню фантазія была выкананая толькі праз два гады пасля напісання вучнем Ліста — Аляксандрам Вінтэрбергерам у гарадской царкве Веймара. Але паваротнай датай у гісторыі п’есы прынята лічыць гала-канцэрт 26 верасня 1855 г. (!) у катэдры Мерзебурга, калі адбылося асвячэнне новых вялікіх арганаў працы вялікага майстра Фрыдрыха Лядэгаста. Гэты інструмент меў 81 рэгістр, 4 мануалі і педаль і з’яўляўся найбуйнейшым на той момант у Нямеччыне (на шчасце, інструмент функцыянуе дагэтуль). Выканаўцам быў, зразумела, Вінтэрбергер.

Арганісты Брэндэль напісаў прарочыя словы ў адным з першых водгукаў на твор: «…датычна зместу і характару п’есы. Яна мае надзвычай свецкую прыроду, хаця Ліст у пэўнай ступені ўсё ж скарыстаў магчымасць гульні са старадаўнімі формамі. Гэтая „свецкасць“, аднак, можа выклікаць памылковае ўражанне ў некаторых сучаснікаў. Але я бачу ў творы усяго толькі вынік новага кірунку ў сакральнай музыцы, які распачаўся бетховенскай Каранацыйнай месай… Я мушу прызнаць, што быў прыемна ўражаны гэтай лістаўскай кампазіцыяй, бо яна высветліла мне шляхі туды, дзе ніхто яшчэ не паспеў нешта зрабіць, і дала магчымасць зірнуць у будучыню арганнай музыкі. Тое, што Бетховен, Берліёз, Вагнер і Ліст распачалі ў рэлігійным рэчышчы, верагодна, будзе мець працяг у выглядзе распаўсюду ў сферы арганнага мастацтва».

Юры Габрусь

P.S. З творам можна азнаёміцца ў інтэрнэце.
Адно з вартых выкананняў змешчана па спасылцы:
http://www.youtube.com/watch?v=_nYtMx1icbY

Цікавае відэа-выкананне можна паглядзець тут:
http://www.youtube.com/watch?v=vdT8YJGwo8w&list=
PL868C5F9BFCDA3BD1&index=53


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY