Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ

РОДНАЕ

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя

ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ
Постаці
У святле Бібліі
Постаці

РЫЦАР ХРЫСТА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Проза

МІЖЧАССЕ
На шляху веры

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА
Асобы

ВЯЛІКІ ЖЫЦЦЯЛЮБ
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Франц СІЎКО

МІЖЧАССЕ

Урывак з аповесці

Ужо былі расстаўленыя дэкарацыі, і дубраўцы даўно адмовілі Ружанец, а ксёндз Юрак усё не ішоў. Гірык і Пятрок, адзін — у вобразе Хрыста, другі — рабіна, скурчыўшыся ад сцюжы (у сакрыстыі было зімна, як на дварэ), з надзеяй пазіралі то на дзверы, то на дзяўчат, што пад камандаю сястры Нікадэмы накрывалі стол для першай сцэны.

Ксёндз Юрак з’явіўся нечакана. Увайшоў пахмуры, са збялелым тварам, праз заднія дзверы, і адразу ж следам за ім у сакрыстыю ўваліліся двое паліцыянтаў. Адзін застаўся з артыстамі, другі прайшоў у залу, загадаў усім разыходзіцца. Затым падышоў да занавеса, рэзкім рухам сарваў яго з напятай упоперак сцэны драціны.

— Ну, па хатах!

Ксёндз Юрак падбег да яго, нешта ціха шапнуў на вуха.

— Нельга, маем загад. — Паліцыянт гаварыў гучна і вельмі злосна. — Надумаліся вы: рэлігійны сюжэт — па-тутэйшаму! Ксёндз дэкан незадаволены. І ў гміне таксама незадаволеныя. — Ён схапіў фанерыну з выяваю бэтлеемскай пячоры, прысланіў да сцяны. — Хто гэта маляваў?

— Гэты хлопчык. — Сястра Нікадэма паказала на Вітоліка. — Таленавіты, хоць і малы.

— А няго ж, таленавіты! — Паліцыянт насмешліва скрывіўся, балюча ўшчыкнуў Вітоліка за плячо.

Гірык кінуўся абараняць брата, але не паспеў. Зося стала між ім і паліцыянтам, прытуліла Гірыка да сябе.

— Ціха, ціха, дзяцёнак, — сказала і павяла сыноў на двор.

— Ну, як, нашпектакліліся? — Даўгалыгая Разлетунова постаць высунулася з-за сцяны плябаніі. — Чым займацца абы-чым, лепей быдла пасвілі б!

 

* * *

— Гірык, уставай, чуеш?

Ён расплюшчыў вочы: маці стаяла побач, тузала яго за плячо. З лепшага пакоя даносіліся мужчынскія галасы, раз-пораз прабіваўся паўз іх барытоністую гусціню сіплы жаночы. Вітолік, ужо апрануты, стаяў ля дзвярэй, еў яблык. Маладжавы мужчына ў вайсковым адзенні выйшаў з пакоя, пыхнуў на хаду папяросінай, прайшоў да стала.

— Попить бы чего, хозяюшка, — сказаў рэзка і паправіў пояс з пісталетам. — И поесть бы тоже не мешало.

— Малака, можа? Сала крыху ёсць, бульбы.

— Сало и бульбу давайте, а молоко — нет. — Мужчына адмоўна хітнуў галавой. — Лучше воды.

— Зараз, зараз, паночку, — замітусілася па кухні Зося. — Гірык, збегай да калодзежа па сцюдзёную.

Гірык апрануўся, счакаў, калі вайсковец зноў пойдзе ў пакой, каб не пытацца пры ім, што за чужыя ў хаце, падышоў да маткі.

— Што за людзі такія?

— Саветы, сынок, — сказала Зося і прыклала палец да вуснаў. — Глядзіце ж, паводзьце сябе як след.

 

Калі ён вярнуўся, чужыя і з імі бацька сядзелі ў кухні за сталом. Мужчыны, усе ў аднолькавай вопратцы і пры зброі, елі, жанчына штосьці пісала ў сшытку.

— А мальчиков как звать? — спытала і акінула па чарзе позіркам братоў.

— Гэта — Гірык, — падштурхнула наперад старэйшага Зося. — А той — Вітолік.

— Виталик, может?

— Вітолік. Вітольды па-нашаму.

— По-вашему меня не интересует. — Жанчына запытальна зірнула на маладжавага. — Как быть, товарищ Гайдулькин?

— Виталием запишите, — адказаў той.

— Хорошо… Виталий. А этого как? Ладно, пусть будет Гирьян. А вас саму как зовут?

— Зося я. Паня, калі ў гуморы, Зоф’яй завець.

— Звала, — паправіла жанчына. — Понимаете — зва-ла. Запишем вас Софьей.

— Добра, панечка.

Жанчына хацела штосьці яшчэ сказаць, але перадумала. І толькі калі мужчыны паелі і дружна паўставалі з-за стала, нахілілася да самага Зосінага вуха, павольна, па складах прамовіла:

— Панечку забудьте, дорогуша. — І з’едліва дадала: — Если следом за ней в дальнюю дорогу не желаете. Так-то, товарищ Соня. Завтра оргсобрание в этих, как вы их называете… покоях, так приходите обязательно, председателя колхоза будем выбирать.

 

Бацька вылузнуў нагу з бота, сцінаючыся ад болю і стараючыся трымаць як вышэй расквеленую пяту, прайшоў па падлозе. Затым абкруціў ступню і падэшву анучаю, зноў уздзеў бот на нагу.

— Паўзці на той сход, — сказаў з уздыхам і запаліў папяросіну.

— І я хачу. — Вітолік саскочыў з печы, павіснуў на бацькавай шыі.

— Надумаўся! — Зося сцягнула сына з бацькавага карку, адштурхнула да печы. — Сядзіце ў хаце.

— Ах ты, вохці… — сказаў бацька і пасунуўся на двор.

Маці паварочала ў печы качаргою вуголле, заклала юшку, пайшла за ім следам.

 

Дзверы ў пакоі былі адчыненыя. Двое вартавых стаялі ля ўвахода, трэці, адзін з тых, што хадзілі напярэдадні з жанчынаю па хатах, бавіўся з біноклем на тэрасе лямуса. Яшчэ трое насілі на доле на падводу кублы з правіянтам. Ля афіцыйні чаляднікі грузілі на другую падводу мяхі перасеенага панскага збожжа.

У вялікай зале, ужо амаль пустой (мэблю вывезлі кудысьці ўначы неўзабаве па арышце гаспадароў) з тры дзясяткі дубраўцаў замёрлі ў пакутлівым чаканні. Было ціха, толькі аднекуль збоку, з аднаго з пакояў, даносіліся гукі патэфона. Раптам яны сціхлі і ў залу ўвайшлі двое вайскоўцаў, энергічна пакрочылі да стала.

Сход доўжыўся каля паўгадзіны. Калгас назвалі «Новы шлях», старшынёю аднагалосна абралі Разлетуна. Пачуўшы сваё імя, былы панскі фурман, які дагэтуль ціхамірна сядзеў у заднім радзе побач з Ванелем і Зосяй, так борзда падхапіўся з месца, што пераважаная целамі Старынскіх лаўка нахілілася долу і яны, не ўтрымаўшыся, зваліліся на падлогу.

Было смешна, але ніхто не азваўся ні гукам.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY