|
|
|
№
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя
Постаці
У святле Бібліі
Постаці
Пераклады
Паэзія
Проза
На шляху веры
Асобы
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Ганна ШАЎЧЭНКА
ЯК ПАЗНАЦЬ САПРАЎДНАЕ АБЛІЧЧА БОГА?
Пра кнігу с. Нунэ Цітаян «Крыж і Пасха»
Адгарнуўшы першыя старонкі кнігі «Крыж і Пасха», я чакала, што сустрэну ў ёй чарговыя мудрагелістыя тэалагічныя разважанні пра сэнс Хрыстовага крыжа, цярпення і ўваскрасення. А прачытала поўны шчырасці аповед пра пошукі аўтарам — сястрой Нунэ Цітаян MSF — адказаў на пытанні, якія непакояць і адначасова натхняюць усе пакаленні чалавецтва з таго часу, як Хрыстус прыйшоў на зямлю і прыняў за ўсіх нас пакутлівую смерць. Як Бог мог дапусціць такое? Чаму Ён не абараніў свайго Сына? Урэшце, чаму Бог дапусціў Аўшвіц, ГУЛАГ, Катынь, генацыд, тэрарызм?.. Чаму Бог маўчыць перад абліччам насілля і зла? І чаму складваецца ўражанне, быццам Бог, у якога мы верым, — слабы? Падчас казанняў на святой Імшы, з касцёльных дакументаў і духоўных кніг мы часам, здавалася б, чуем адказы Касцёла на гэтыя пытанні, але часцей за ўсё не задавольваемся імі, бо практычна непадрыхтаваныя зразумець і прыняць іх... Мы нібыта шмат ведаем і самі можам вучыць гэтай навуцы іншых, але калі нас раптам кранае цярпенне, то разумеем, што не здольныя жыць тымі праўдамі, у якіх тэарэтычна абазнаныя, што хрысціянская рэальнасць для нас бывае нечаканаю. «Ты моцна пакутуеш, але не ўмееш пакутаваць», — гэтыя словы з верша польскага паэта Рамана Брандштэтара, працытаваныя аўтарам, становяцца для чытача своесаблівым сігналам, які з кожнай новай старонкаю кнігі нагадвае, што мы, хрысціяне, сапраўды, губляемся перад Дрэвам Пазнання і Дрэвам Крыжа. Адбываецца гэта па той прычыне, што мы ўсё жадаем зразумець з дапамогаю сваёй логікі, «мы не здольныя спасцігнуць Бога, таму што Ён ва ўсім непамерна пераўзыходзіць нас». Гэтае перакананне стала адным з ключавых у кнізе с. Нунэ Цітаян. «Нашы пытанні, звернутыя да Бога: чаму? за што? навошта? каму гэта трэба? — гэта пытанні веры, а не пошуку сэнсу», — дадае аўтар і паступова паказвае канкрэтныя, узятыя з уласнага жыццёвага вопыту, шляхі ўмацавання ў сабе такой веры. Гэты вопыт с. Нунэ чэрпае з гісторыі свайго армянскага народа, з лёсу сваіх продкаў, са служэння ў Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, з катэхетычнай працы з дзецьмі. Сястра Нунэ прыводзіць шматлікія выразныя прыклады, жыццёвыя сітуацыі, якія ставілі ў тупік яе імкненне спасцігнуць Бога моцаю розуму, а знойдзеныя адказы на складаныя экзістэнцыйныя пытанні па-новаму, нечакана адкрывалі Божае аблічча і паказвалі спосабы Божай прысутнасці ў гісторыі чалавецтва. У сваю чаргу адказы гэтыя нараджаюцца з глыбокай кантэмпляцыі над кожным словам Евангелля. Аўтар кнігі падказвае, як нам пазнаць сябе і свае правіны ў адрачэнні Пятра, у двух засмучаных Апосталах, што крочылі ў Эмаўс, у тых вучнях, якія адышлі ад Хрыста, бо ім былі не зразумелыя Яго словы. Сястра Нунэ дапамагае пазнаць Езуса ў забітых немаўлятах падчас генацыду армянаў, ва ўсіх тых, каго мы ранім сваімі нават «не вельмі значнымі» грахамі. Ад пытання пошукаў сэнсу і пытання веры с. Нунэ падводзіць чытачоў да прыняцця Божай міласэрнасці, якая з’яўляецца адваротным бокам уяўнай Божай «слабасці», і сцвярджэння Божай моцы, увасобленай у нашым збаўленні. Згодна з гэтым пабудавана і кампазіцыя кнігі: ад разважанняў пра муку і смерць Езуса да аповеду пра пакаянне, прыняцце Цела і Крыві Хрыста і спасланне Духа Святога. «Ці ведаем мы нашага Бога? Які вобраз Бога мы носім у сабе?» — пытаецца ў нас аўтар і праз некалькі старонак з жалем піша: «Ён нам як чужы, не родны. Мы слухаем пра Яго, як сіроты слухаюць цікавыя гісторыі пра сваіх бацькоў, але на самай справе не ведаюць іх». Ці не з’яўлялася і ў вас такое ўражанне? Ці не адчувалі вы гэта самі? Калі так, то кніга с. Нунэ Цітаян дапаможа вам на жыццёвай дарозе, на вашым «шляху ў Эмаўс», пазнаць Хрыста. Ганна Шаўчэнка
|
|
|
|