Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ

РОДНАЕ

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя

ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ
Постаці
У святле Бібліі
Постаці

РЫЦАР ХРЫСТА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Проза

МІЖЧАССЕ
На шляху веры

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА
Асобы

ВЯЛІКІ ЖЫЦЦЯЛЮБ
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Тамара ГАБРУСЬ

МАСТАЦКАЯ МОВА АРХІТЭКТУРЫ
СУЧАСНЫХ КАСЦЁЛАЎ БЕЛАРУСІ

Галерэя - дадатак да артыкула

Гісторыя эвалюцыі дойлідства сведчыць, што пры ўсёй разнастайнасці творчых праяваў іх дыялектыка грунтуецца на ўзаемадзеянні традыцый і інавацый, якія складаюцца ў стабільны прынцып формаўтварэння, альбо стыль. Паняцце стылю ўключае не толькі мастацкія асаблівасці пэўнага жанру, кірунку, эпохі ў дойлідстве ці культуры ў цэлым, але і індывідуальную творчую манеру аўтара. Сродкі і прыёмы выяўлення архітэктурнай задумы, якія выкарыстоўваюцца свядома ці паводле стэрэатыпаў, забяспечваюць новую мастацкую цэласнасць і самабытнасць твораў у агульным гісторыка-культурным кантэксце.

Постмадэрнісцкая архітэктура адмаўляецца як ад простых геаметрычных аб’ёмаў мадэрнізму, так і ад дыскамфортнай аднастайнасці і механістычнасці функцыяналізму, а таксама культу тэхнікі і канструкцый, уласцівых сучаснаму «хайтэку». Архітэктурная творчасць у эпоху постмадэрнізму можа быць не толькі сур’ёзнай, ідэйна насычанай, але і гарэзлівай, эпатажнай. У сучаснай архітэктуры эстэтычная канкрэтызацыя аўтарскай задумы вырашаецца з дапамогаю мэтанакіраванай камбінаторыкі сродкаў вобразнай выразнасці, якая практычна бясконцая ў інтэрпрэтацыі. Мастацкая мова найноўшай архітэктуры заснавана на прынцыпах кантэкстуалізму — складаных асацыяцыях, зашыфраваных сімвалах і кодах. Яна звяртаецца да архетыпаў, метафарычнай вобразнасці і знакавых формаў мінулых стыляў, сімвалічнай арнаментыкі і колеру, але ёй уласцівыя неабмежаваная фантазія і тэатральны пачатак, выдумка і гульня пры захаванні павагі да гісторыка-культурнай спадчыны і прыроднага асяроддзя.

Для выяўлення асноўных характарыстык мастацкай мовы сучаснай каталіцкай архітэктуры Беларусі намі ажыццёўлены мастацтвазнаўчы аналіз звыш 80 касцёлаў, пабудаваных у 1990–2000-я гады. У аснову архітэктонікі большасці з іх закладзена традыцыйная для заходняга хрысціянства (як для аўтэнтычных гістарычных, так і для псеўдагістарычных стыляў) семантыка Каўчэга Выратавання, альбо карабля — выцягнутай прамавугольнай навы, — а таксама вытворная ад папярэдняй структура трохнававай базылікі. У шэрагу выпадкаў ідэйна-канфесійная праграма Касцёла выяўляецца ўвядзеннем у архітэктурную кампазіцыю папярочнай навы — трансепта, што фармуе прасторавае ядро збудавання ў выглядзе лацінскага крыжа. Пры аднанававым варыянце лацінскі крыж выяўлены ў аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі ад падмуркаў, у крыжовых базыліках — на ўзроўні карніза збудавання. Амаль усе сучасныя касцёлы адпавядаюць гэтай канфесійнай ідэі, але маюць значную колькасць арыгінальных варыяцый яе інтэрпрэтацыі ў кантэксце авангардных постмадэрнісцкіх канцэпцый.

Для заходнехрысціянскіх сакральных збудаванняў аўтэнтычных і псеўдагістарычных стыляў традыцыйным спосабам гарманізацыі, упарадкавання кампазіцыі заўжды з’яўлялася падоўжна-восевая сіметрыя, радзей цэнтральна-восевая. У мясцовай каталіцкай архітэктурнай традыцыі часоў готыкі, ренесансу і барока найбольш пашыранай была падоўжна-восевая сіметрыя, уласцівая аднанававай ці базылікавай структуры касцёла. Як сведчыць гісторыя айчыннай архітэктуры, у касцёлах готыка-рэнесанснага тыпу XVI — пачатку XVII ст. вось сіметрыі збудавання была акцэнтавана размяшчэннем на галоўным фасадзе адной цэнтральна-восевай вежы, а ў больш позніх барочных касцёлах — дзвюх вуглавых вежаў, што падкрэслівала білатэральную (люстэркавую) сіметрыю галоўнага фасада. Прынамсі гэтыя прыёмы размяшчэння вертыкальных дамінантаў кампазіцыі вызначаюць устойлівы архітэктурна-мастацкі вобраз каталіцкіх святыняў Беларусі гістарычных стыляў. Асіметрычнае размяшчэнне вышынных дамінантаў з’яўляецца толькі ў канцы XIX ст., разам з павевамі эстэтыкі мадэрну, напрыклад, адну асіметрычна пастаўленую вежу маюць неараманскія касцёлы ў Вілейцы і Мінску (святых Сымона і Алены) ці касцёлы ў стылі мадэрн у Ражанцы і Солах. У сучаснай новай хвалі архітэктурнай эклектыкі менавіта па спосабе гарманізацыі архітэктурных масаў (сіметрыя — асіметрыя) найбольш яскрава выяўляюцца канцэптуальныя стылістычныя кірункі — гістарызму і рэтраспектывізму ці постмадэрнісцкай радыкальнай эклектыкі.

Накшталт таго, як у сучасным праваслаўным храмабудаўніцтве адметнай канфесійна-знакавай формай з’яўляецца тэма старажытнарускай закамары (паўцыркульнай аркі, якая завяршае частку сцяны альбо дэкаратыўнай), у каталіцкіх святынях Беларусі лейтматывам фармавання архітэктурнага вобразу з’яўляецца найперш двухсхільны дах з падоўжным вільчыкам, што падкрэслівае дынаміку кампазіцыі храма-каўчэга. На галоўным фасадзе тарэц даху часцей за ўсё вырашаны ў выглядзе шчыта, схілы якога ўтвараюць прамы, тупы альбо востры вугал, што знакава надае збудаванню нейкую «неагатычную» вобразнасць. У адрозненне ад франтона шчыт не мае гарызантальнага карніза, які замыкае яго ў трохвугольнік. Плоскасць шчыта непасрэдна працягвае сцяну фасада, надаючы яму большую вытанчанасць і вертыкальную дынаміку. Гарманічную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю многіх касцёлаў фармуюць разнастайныя рытмічныя суадносіны аб’ёмаў і вянчальных масаў збудаванняў.

Паколькі істотным знакавым кампанентам сусветнага хрысціянскага дойлідства спрадвеку з’яўляецца вертыкальная дамінанта, адзначым, што для большасці сучасных касцёлаў Беларусі характэрныя высокія чацверыковыя прызматычныя вежы пастаяннага сячэння, не падзеленыя візуальна на ярусы. Іх архітэктурны вобраз «генетычна» звязаны з сярэднявечнымі італьянскімі званіцамі-кампаніле, структура якіх (устойлівасць пры невялікім папярочным сячэнні) тлумачыцца спрыяльным кліматам Італіі і будаўніцтвам з натуральнага каменю. У айчыннай традыцыі сакральнага дойлідства вышынныя дамінанты, што ўзводзіліся з цэглы, былі больш масіўнымі і падзяляліся па вертыкалі на ярусы, якія паступова змяншаліся, каб мець большую зрокавую вытанчанасць. У архітэктуры сучасных касцёлаў вежы тыпу кампаніле звычайна накрыты чатырохграннымі шатрамі, вышыня якіх роўная боку аснавання (яны больш высокія, чым традыцыйныя шатры-«каўпакі», вышыня якіх звычайна роўная палове дыяганалі аснавання). Акрамя таго, у авангардных аўтарскіх праектах строга пірамідальная форма шатра іншым разам наўмысна ўскладнёная і дэфармаваная.

Будаўніцтва сучасных касцёлаў з авангарднымі тэндэнцыямі ажыццяўляецца пераважна ў заходніх рэгіёнах Беларусі, дзе значная частка насельніцтва гістарычна мае каталіцкае веравызнанне. Да 1990-х гадоў у Баранавічах дзейнічаў толькі адзін касцёл Узвышэння Святога Крыжа, пабудаваны з дрэва ў 1924–1925 гады ў характэрным для часоў 2-й Рэчы Паспалітай стылі нацыянальнага рамантызму з элементамі неаготыкі і мадэрну. За апошнія 20 гадоў у гэтым горадзе ўзведзены тры манументальныя святыні, якія адначасова вызначаюцца арыгінальнасцю і традыцыйнасцю архітэктурнай задумы. Для архітэктуры першага з іх касцёла св. Зыгмунта, змураванага з цёмна-чырвонай цэглы ў пачатку 1990-х, характэрнае свабоднае выкарыстанне матываў і элементаў, запазычаных з гістарычнага вопыту айчыннага дойлідства. Гэта трохнававая базыліка з высокай сярэдняй і шырокімі бакавымі навамі, шырыня якіх уступамі звужаецца ў бок алтара. Тарэц цэнтральнай навы амаль цалкам займае зашкленне, каркас якога на шчыце фасада ўтварае ромб — сучасную трансфармацыю гатычнага акна-ружы. Арыгінальнасць вобразу збудавання надаюць дзве масіўныя трохвугольныя ў плане вежы, накрытыя аднасхільнымі дахамі, увенчанымі крыжамі. Лініі схілаў дахаў дублююцца рытмічным поясам вузкіх вертыкальных праёмаў. Мадэрнісцкая гульня геаметрычных формаў спалучаецца з канцэпцыяй гістарызму, выяўленай у архітэктоніцы святыні.

У 1998 г. у Баранавічах быў асвячоны касцёл Маці Божай Фацімскай, узведзены ў адзіным архітэктурна-мастацкім ансамблі з трохпавярховым будынкам жаночага кляштара місіянерак. Комплекс мае развітае прасторавае вырашэнне. З паўночнага боку да прамавугольнай навы касцёла з трохгранным галоўным фасадам прымыкае двухпавярховы кляштарны будынак, у які вядзе шмат’ярусная вежа-званіца. Мастацкую выразнасць ансамблю надае адзінства архітэктурных формаў і каларыстычнага вырашэння, заснаванага на традыцыйным кантрасце белых сценаў і чырвоных дахаў, шматкратным паўтарэнні матыва круглай люнеты-ружы і востравугольных формаў, што стварае готыка-рэнесансныя рэмінісцэнцыі.

Парафіяльны касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Баранавічах быў кансэкраваны ў 2002 годзе. Яго архітэктоніка заснавана на семантыцы лацінскага крыжа, утворанага асноўнай прамавугольнай навай і больш нізкімі крыламі трансепта, накрытых агульным двухсхільным дахам. Тарэц даха на галоўным фасадзе закрыты шчытом, грані якога ўтвараюць прамы вугал. Для мастацкага вобраза святыні характэрныя паўтарэнні і рытмізацыя простых геаметрычных формаў, у першую чаргу, прамога вугла. Відавочна, што ў сучасным касцёльным будаўніцтве ў Баранавічах дамінуе канцэпцыя гістарызму, якому ўласцівая апеляцыя да мясцовых традыцый і іх творчай інтэрпрэтацыі.

У 1990–1997 гады ў Маладзечне па вуліцы Прытыцкага паводле праекта польскага архітэктара Лешака Качара быў узведзены манументальны касцёл св. Юзафа. Гэтае збудаванне вызначае не прамое ўзнаўленне традыцыйных кампазіцыйных прыёмаў, а сучасная інтэрпрэтацыя культурнага коду каталіцкай канфесіі. Асноўная тэма архітэктурна-мастацкага вобраза трохнававай двухвежавай базылікі — скіраванасць увышыню, што выяўлена ў падкрэслена вертыкальных прапорцыях усіх элементаў. Высокія бакавыя навы, рытмічна расчлянёныя шырокімі эркерамі з вузкімі прасценкамі паміж імі, ствараюць цэлы лес вертыкаляў. Зграбныя чацверыкі вежаў на галоўным фасадзе завершаны двух’яруснымі скразнымі металічнымі канструкцыямі — умоўна трактаванымі элементамі гістарычнай польскай касцёльнай архітэктуры. Завяршэнні вежаў і франтона маюць схілы, скіраваныя ўніз, што стварае ўражанне распрасцёртых рук ці крылаў, дынаміку ўзлёту. Мажорнае каларыстычнае вырашэнне вонкавага аблічча святыні пабудавана на спалучэнні цёплых лакальных колераў.

У Гродне за апошнія 20 гадоў пабудавана некалькі новых касцёлаў, архітэктура якіх вызначаецца інтэпрэтацыяй сучасных мастацка-стылёвых кірункаў. У канцы 1990-х гадоў у жылым раёне Паўднёвы быў узведзены касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (арх. А. Тараненка). Авангарднае гучанне традыцыйнай трохнававай базыліцы надаюць шматгранныя формы галоўнага фасада і бакавых наваў, наўмысная ламанасць плоскасцяў і ліній. Вось сіметрыі акцэнтавана V-падобнай канструкцыяй высокай званіцы, завершанай крыжам. Невысокі дах цэнтральнай навы на ўзроўні карніза рытмічна дэкараваны востравугольнымі шчыткамі-вімпергамі. Тую ж неагатычную тэму працягваюць шырокія аднасхільныя дахі бакавых наваў з буйнамаштабнымі вімпергамі.

Яшчэ больш яскрава авангардныя неаканструктывісцкія тэндэнцыі выяўлены ў архітэктуры гродзенскага касцёла Божай Міласэрнасці ў мікрараёне Вішнявец, узведзеным у 1999–2002 гадах (арх. А. Штэн, З. Казакевіч). Неардынарнасць архітэктурна-мастацкаму вобразу гэтай святыні надаюць ромбападобны план кафалікона, двухсхільны дах са схіламі трохвугольнай формы, асіметрычнае размяшчэнне галоўнага фасада, што стварае дадатковую дынаміку, узмоцненую вертыкаллю званіцы. Алтарная частка касцёла злучана з двухпавярховым будынкам плябаніі і парафіяльнага цэнтра ў адзіны комплекс.

Прыкладам найбольш радыкальнай эклектыкі ў Гродне з’яўляецца авангардная архітэктура каталіцкага цэнтра Найсвяцейшага Адкупіцеля ў мікрараёне Дзевятоўка, узведзеным ў 2000-я гады (арх. А. Штэн, І. Казлоўскі, Т. Чорная). У архітэктуры комплексу інавацыйныя, нават эпатажныя, мастацкія прыёмы відавочна дамінуюць над традыцыйнымі. Цэнтральная нава базылікі перакрыта своеасаблівай двухбакова-пукатай абалонкай, якая працягнута наперад, ствараючы на галоўным фасадзе глыбокі 6-калонны порцік. Да яго з двух бакоў далучаны двухпавярховыя будынкі плябаніі і парафіяльнага цэнтра. З паўднёвага боку, за плябаніяй, размешчана вертыкальная дамінанта ансамбля — трохвугольная ў плане вежа-званіца, завершаная крыжам. Бакавыя навы рытмічна раскрапаваныя паўкруглымі апсідамі капэлаў. Экстравагантнае спалучэнне прамавугольных, трохвугольных і паўкруглых аб’ёмаў кантрастуе з глухімі роўніцамі сценаў, тонкімі вертыкальнымі апорамі і вузкімі вокнамі, падобнымі да байніцаў. Адкрытая муроўка з чырвонай цэглы дапоўнена фрагментамі муроўкі з прыроднага каменю. Каркас уваходнага порціка фармуе выразную кампазіцыю ў выглядзе буйнамаштабнага крыжа, дадаткова вылучанага колерам.

Шырокі спектр авангардных архітэктурных формаў маюць сучасныя каталіцкія святыні горада Ліды. У 2002 г. тут быў кансэкраваны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, узведзены ў жылым раёне Слабада. Па сваёй архітэктоніцы гэта трохнававая псеўдабазыліка (без верхняга асвятлення цэнтральнай навы). Постмадэрнісцкае неагатычнае аблічча архітэктуры святыні надае шматразова паўтораная тэма двухграннага эркера з аднасхільным трохвугольным пакрыццем. На бакавых фасадах аналагічныя эркеры чаргуюцца з высокімі вузкімі вокнамі, што рытмізуе прастору, падкрэсліваючы падоўжную дынаміку агульнай кампазіцыі. Алтарную частку дадаткова акружае шэраг эркераў, накшталт гатычных капэлаў. Галоўны фасад фармуюць пяць эркераў рознай вышыні. Асіметрыю кампазіцыі акцэнтуе левы ад уваходу ўвенчаны крыжам эркер-званіца, які дамінуе па вышыні. Тэма крыжа неаднаразова паўторана ў аздобе званіцы. У мастацка-дэкаратыўным афармленні святыні выкарыстаны таксама сакральная скульптура, кантраст адкрытай муроўкі з чырвонай цэглы з пабеленымі часткамі сценаў, разнастайны рытм трохвугольных і трапецыяпадобных аконных праёмаў.

Авангардны варыянт неаготыкі новай хвалі прадстаўляе касцёл Святой Сям’і ў Лідзе, пабудаваны ў пачатку 2000-х гадоў. Архітэктоніка збудавання традыцыйная — трохнававая базыліка з невялікімі рамёнамі трансепта. Неагатычны характар святыні надаюць адкрытая муроўка з цёмна-чырвонай цэглы, востравугольныя формы дахаў, люкарнаў, пінакляў, сігнатуркі. Аднак масіўная вежа на галоўным фасадзе пазбаўлена шатровага завяршэння, што стварае ўражанне наўмыснага адыходу ад традыцыі.

Яшчэ адзін касцёл у гонар Божай Міласэрнасці, узведзены ў 2000-я гады ў жылым раёне Маладзёжны, вызначаецца яскравай постмадэрнісцкай радыкальнай эклектыкай з элементамі неаэкспрэсіянізму. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя збудавання знарок дэфармаваная асіметрычнымі рознамаштабнымі і рознастылёвымі прыбудовамі. Асабліва выразна гэта выяўлена ў вырашэнні галоўнага фасада з вежамі рознай вышыні і будовы. Пры даволі экстравагантным спалучэнні артаганальных і крывалінейных формаў у мастацкім вобразе збудавання відавочны рэмінісцэнцыі неабарока.

У наш час назіраецца тэндэнцыя комплекснага будаўніцтва каталіцкіх святыняў і будынкаў плябаній, кляштараў і парафіяльных цэнтраў у адзіным ансамблі. Горадабудаўнічая ансамблевасць здаўна ўласцівая каталіцкаму дойлідству, што абумоўлена спецыфікай гістарычнага фармавання планіровачнай структуры заходнееўрапейскіх гарадоў. Паняцце архітэктурнага ансамбля бярэ свой пачатак з антычнага дойлідства ў прамой сувязі з паняццем гармоніі, што забяспэчвала сугучнасць і суразмернасць частак у цэлым. Сучаснае разуменне архітэктурнага ансамбля таксама зыходзіць з ідэі гарманічнага адзінства і цэласнасці, аднак, з прычыны сучаснай стылізацыі храмаў, у ансамблі могуць праяўляцца пэўныя мастацкія калізіі. Акцэнт у ансамблі звычайна ставіцца на суадносінах знешніх фармальных і стылістычных прыкметаў.

Удалым прыкладам сучаснага вырашэння ансамбля можа быць комплекс касцёла св. Антонія Падуанскага і францішканскага кляштара ў Слуцку, пабудаваны ў 1992–2000 гады. Яго архітэктурна-мастацкі вобраз вызначаецца выкарыстаннем матываў і элементаў, запазычаных з гістарычнага вопыту заходнееўрапейскага сакральнага дойлідства, напрыклад, францішканскага кляштара ў Равэне (Італія). Для будаўніцтва жабрацкага ордэну францішканаў увогуле ўласцівы аскетызм, прастата і яснасць архітэктурнай мовы. Кампактны аднававы аб’ём касцёла ў Слуцку накрыты двухсхільным дахам з двухгранным шчытом на галоўным фасадзе, схілы якога ўтвараюць прамы вугал. Уваход аформлены 6-калонным порцікам з надбудовай, што вядзе на хоры. З паўднёвага боку да фасада прылягае масіўная прызматычная вежа, якая нагадвае італьянскія кампаніле, але накрытая традыцыйным для беларускага дойлідства невысокім шатром-«каўпаком». Грані вежы ўверсе прарэзаны крыжападобнымі праёмамі з вітражамі. Па баках алтарнай часткі сіметрычна размешчаны двухпавярховыя будынкі кляштара з высокімі двухсхільнымі дахамі, аскетычнае аблічча якіх ажыўляюць рытмічныя трохвугольныя люкарны. У формах і прапорцыях ансамбля, адкрытай муроўцы з чырвонай цэглы відавочныя рэмінісцэнцыі раманскага стылю.

Паводле аналагічных прынцыпаў стварэння ансамбля ўзведзены яшчэ адзін сучасны кляштар ордэну францішканаў у Докшыцах. Аднанававы касцёл Найсвяцейшай Тройцы з двухсхільным дахам і акном-ружай на шчыце галоўнага фасада ўзведзены ў 1991–1994 гадах (праект архітэктурнай групы «Рэнавабіс»). Аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўвенчвае вышынная дамінанта – асіметрычна пастаўленая вежа тыпу італьянскай кампаніле. Высокі прызматычны чацверык вежы-званіцы накрыты пакатым шатром і ўверсе прарэзаны вузкімі арачнымі вокнамі — па тры з кожнага боку. Фасадную грань вежы аздабляе скульптура папы Яна Паўла ІІ, размешчаная ў арачнай нішы. У 2001–2002 гады з паўночнага боку да касцёла быў прыбудаваны двухпавярховы кляштарны корпус. У архітэктурным вырашэнні ансамбля шырока выкарыстаны бутавы камень (агароджа, падпорныя сценкі каскадных тэрасаў, малыя архітэктурныя формы), што надае яму асабліва аскетычны выгляд. Істотную ролю ў мастацкім вобразе ансамбля займае змураваная з прыроднага каменю трохпралётная ўваходная брама дынамічнай рознавышыннай кампазіцыі, якая гарманічна спалучае паўцыркульныя арачныя і востравугольныя формы.

Выразным творам сучаснай авангарднай сакральнай архітэктуры з’яўляецца касцёл св. Юзафа Рамесніка ў Скідзелі (2004), размешчаны каля шашы Мінск — Гродна. Яго яркае каларыстычнае вырашэнне і дынамічны сілуэт эфектна выступаюць на фоне жылой забудовы. Своеасаблівы архітэктурна-мастацкі вобраз святыні заснаваны на нетрадыцыйнай кампазіцыі і інверснай дынаміцы аб’ёмаў з абрэзамі схілаў дахаў, якія нарастаюць у бок алтара. Незвычайнымі з’яўляюцца формы званіцы і яе завяршэння ў выглядзе фігурнага шпіля.

Касцёл Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, узведзены ў 1996–2003 гады (арх. І. Кныш), з’яўляецца яскравым узорам сучаснай каталіцкай архітэктуры постмадэрну з элементамі неаготыкі новай хвалі. Аднанававы аднавежавы касцёл разам з прыбудаваным да яго будынкам плябаніі ствараюць цэласную ансамблевую кампазіцыю, насычаную гарманічным рытмам востравугольных формаў і вышынных дамінантаў. Фасады раскрапаваны трохпралётнымі рызалітамі, завершанымі востравугольнымі вімпергамі, якія падкрэліваюць семантыку крыжа ў кампазіцыі святыні. Маляўнічы сілуэт ансамбля фармуюць своеасаблівыя шатровыя завяршэнні вежаў над касцёлам і плябаніяй.

Цікавым узорам постмадэрнісцкай інтрэпрэтацыі традыцый каталіцкай архітэктуры з’яўляецца касцёл св. Пятра і Паўла ў Івацэвічах. Традыцыйнай аднанававай архітэктоніцы святыні нададзена наўмысная асіметрыя, створаная з дапамогаю рознай глыбіні вежаў на галоўным фасадзе, прыбудовы з паўночнага боку двухпавярховай плябаніі і дыяганальна пастаўленай высокай званіцы тыпу кампаніле. Шматлікія востравугольныя формы падкрэсліваюць неагатычную стылістыку ансамбля. Іншы постмадэрнісцкі варыянт радыкальнай эклектыкі мае архітэктура касцёла св. Пятра і Паўла ў Капылі. Тут кампактны аднанававы аб’ём фланкаваны на паўночна-ўсходнім вугле чацверыковай вежай з своеасаблівым пластычным лучковым завяршэннем і акном-ружай, што надае галоўнаму фасаду неардынарнасць і вытанчанасць. У мастацкім вобразе святыні важнае значэнне мае каларыстычнае вырашэнне, пабудаванае на спалучэнні белага колеру ў ніжняй частцы сценаў і ярка-чырвонага — у верхняй.

Канцэпцыя сучаснай радыкальнай эклектыкі прагледжваецца ў архітэктуры цэлага шэрагу касцёлаў, узведзеных у 2000-я гады, як, напрыклад, каталіцкія святыні ў Гомелі, Жабінцы, Свіслачы, Ваўкавыску, Лагойску, Гарадку, Воранаве, вёсках Беліца і Бердаўка Лідскага р-на, Азёрцах Глыбоцкага р-на, Астрыне Шчучынскага р-на, Волма Дзяржынскага р-на, Юрацішках Іўеўскага р-на і інш. Мастацкая мова сучаснай сакральнай архітэктуры канцэптуальна адмаўляе кампазіцыйны аскетызм, акцэнтуе пластычнасць формы, дынамічную асіметрыю, наўмысныя інверсіі ў інтэрпрэтацыі гістарычнай архітэктурнай класікі. Пры гэтым відавочна, што прынцыпы формаўтварэння ў сучасным каталіцкім храмабудаўніцтве Беларусі абумоўлены дамінаваннем ідэйна-канфесійных стэрэатыпаў, арыентаваных на гістарычныя заходнееўрапейскія стылі з іх разуменнем ідэальных формаў і прапорцый, а таксама на этнічныя эстэтычныя стэрэатыпы, выпрацаваныя традыцыйным айчынным дойлідствам, што спрыяе захаванню самабытнасці і выяўляе менталітэт народа.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY