|
|
|
№
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя
Постаці
У святле Бібліі
Постаці
Пераклады
Паэзія
Проза
На шляху веры
Асобы
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Карціна Карла Брулова пра лакальную катастрофу ў гісторыі старажытнага свету — адзін з агульнавядомых і вельмі папулярных твораў рускага жывапісу. Калі б са спадчыны мастака не засталося больш нічога, ягонае імя ўсё роўна вечна жыло б у гісторыі мастацтва. Каласальнае палатно хвалюе ўжо многія пакаленні людзей, якім, здавалася б, не трэба каментаваць сюжэт і рабіць падрабязны фармальна-вобразны аналіз твора. Яго мова настолькі ясная, а драма настолькі агульначалавечая, што прачытанне жывапісу для многіх не ўяўляе складанасці. Але тым не менш людзі кожнага гістарычнага часу адкрываюць у карціне вялікага мастака нешта новае. Гэта азначае, што твор працягвае жыць, быць актуальным і патрэбным людзям. Карл Брулоў (1799–1852) нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і акадэміка Імператарскай Акадэміі мастацтваў Паўла Бруло, скульптара і гравёра французскага паходжання. З ранняга ўзросту ён фармаваўся ў атмасферы Акадэміі, ужо ў 1809 г. пачаў рэгулярныя заняткі малюнкам і жывапісам, да 1821 г. навучаўся пад кіраўніцтвам выдатнага майстра класіцызму Андрэя Іванава. Адзін з лепшых студэнтаў свайго пакалення, Карл Брулоў атрымаў залаты медаль і быў накіраваны ў Італію, дзе распачаўся плённы перыяд яго творчасці. Мастак працаваў над малюнкамі і палотнамі, падарожнічаў па Еўропе. У 1836 г., пасля падарожжа па Грэцыі і Турцыі, мастак вяртаецца ў Расею. Мяркуецца, што вяртанне Брулова было звязана з шумным поспехам яго карціны «Апошні дзень Пампеі» ў Італіі і Францыі. Палатно было выстаўлена ў Луўры, і да яго імкнуліся натоўпы. У Пецярбургу карціну і аўтара чакаў трыумф. Паэты прысвячалі палатну вершы, у хуткім часе яно было падоранае Мікалаю І (які пазней падарыў яго Акадэміі мастацтваў). Мастака прымалі і завязвалі з ім сяброўства выдатнейшыя людзі тае пары: А. Пушкін, В. Жукоўскі, І. Крылоў. Да 1849 г. Карл Брулоў прафесарствуе ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, малюе шмат партрэтаў, удзельнічае ў размалёўцы Ісаакіеўскага сабора. Але ў халодным горадзе ў яго абвастраецца хвароба (залатуха). Ён назаўжды пакідае Расію — выязджае лекавацца на востраў Мадэйру, потым пераязджае ў любімую Італію, дзе памірае ў мястэчку Манцыяна пад Рымам. Малады мастак зацікавіўся гісторыяй гібелі Пампеі ў 1828 годзе. Ён паехаў туды з Рыма разам з многімі іншымі цікаўнымі людзьмі, якія даведаліся, што зноў задыміў Везувій. Але тэма Пампеяў жыла ў свядомасці еўрапейцаў ужо амаль 70 гадоў, з часу выпадковага адкрыцця антычнага горада (менавіта горада, а не яго руінаў), пахаванага пад тоўстым слоем лавы і попелу. Пампейскія фрэскі, сам вобраз горада — равесніка Рымскай імперыі — сталі прычынай новага прыліву захаплення антычнасцю ў еўрапейскай культуры. Гэтым захапленнем жывіліся класіцызм і ампір. Пецярбургскі мастацтвазнаўца Аляксей Савінаў (некаторы час ён працаваў у Мастацкім музеі Беларусі ў Мінску) так напісаў пра шэдэўр Карла Брулова: «Захапляльнасць аповеду, разнастайнасць характарыстык, пластычная прыгажосць формаў, багатыя па сілуэтах групоўкі фігураў, іх кампазіцыйнае адзінства надаюць карціне выразнасць і мастацкую сілу. Традыцыі строгага, звернутага да антычнасці класіцызму Брулоў спалучаў з новымі тэндэнцыямі рамантычнага жывапісу, з пачуццём сапраўднасці падзеі, увасобіўшы ў ясным па пабудове палатне ідэю гібелі антычнага свету»1. Матывам для карціны паслужыла трагедыя горада, размешчанага непадалёк ад Неапаля, які загінуў у выніку вывяржэння Везувія ў 79 г. н. э. Хаця «загінуў» — гэта не зусім адпаведнае слова. Воляй лёсу Пампеі захаваліся ў сваім першасным выглядзе, у той час як антычныя парэшткі Неапаля глыбока загнаныя ў культурны слой. Наш любімы прафесар Абрам Кагановіч (нараджэнец беларускага Рагачова) жыва перадаў нам свае ўражанні з месца падзеяў: «Я стаў на тым месцы, дзе стаяў Карл Брулоў, і зразумеў, што задума карціны проста не магла не нарадзіцца ў яго свядомасці. Людзі кінуліся ў браму на левым баку вуліцы, але пачалася паніка, бо ад удару землятрусу мармуровая канструкцыя здрыганулася… Аднак брама ўстаяла, яна стаіць і цяпер». Праз дзесяцігоддзі я таксама стаў пасярод гэтай вуліцы і бачыў далёка на фоне грамадзіну Везувія. Сапраўды, Карл Брулоў стварыў несмяротны помнік старажытнаму гораду і яго жыхарам. На першым плане кампазіцыі мастак разгарнуў цэлую галерэю вобразаў, якія ўражваюць сваёй чалавечнасцю і драматызмам. Юнак трымае ў руках сваю загінуўшую каханую. Маці просіць сына пакінуць яе і ратавацца самому. Афіцэр легіёнаў у жалезным шлеме нясе на руках пажылога бацьку, які са страхам засланяецца рукой ад бязлітаснай стыхіі. У левай частцы палатна гэтая галерэя працягваецца ў кампактнай групе маладой сям’і з дзіцем, што накрываецца ад гарачага попелу адной драпіроўкай, і ў самым левым ніжнім куце кампазіцыі напалоханыя маці і дзеці, якія моцна абняліся ў жаху. Роўна пасярэдзіне кампазіцыя расколатая напалам. У гэты правал нясуцца насустрач смерці ашалелыя коні, павозка перакульваецца, і чалавек падае. Гэтая група — самая аддаленая на першым плане карціны. А пачынаецца кампазіцыйны разлом фігурай маладой маці, якая бездыханная ляжыць на бруку і не чуе плачу свайго дзіцяці. Мастак доўга працаваў над гэтым ключавым фрагментам кампазіцыі. Ён пайшоў на дысторцыю выявы (але мы ніяк не заўважаем гэтага!). Калі б жанчына ажыла і ўстала, то яе трохметровая постаць гігантычна перавышала б усе іншыя фігуры. А. Кагановіч распавёў нам, як Карл Брулоў вельмі доўга, ад эскіза да эскіза, не мог знайсці канчатковае рашэнне карціны. Шматфігурная кампазіцыя не трымалася разам. І вось у наступным эскізе ён даў рэзкае, яркае асвятленне на цэнтральную частку. Усё адразу злучылася ў адно цэлае. Гэта было геніяльнае рашэнне, якое завяршыла агульны вобраз. Сярод ахопленых страхам людзей каля брамы Брулоў змясціў і свой аўтапартрэт — малады чалавек з трывогаю, але і цікаўнасцю ўглядаецца ў вогненную зеўру вулкана, трымаючы на галаве скрынку з мастакоўскімі прыладамі. Імкнецца да гэтай групы людзей і ахутаны белай тогай, напалоханы служка паганскага культу з сваімі рытуальнымі бразготкамі пад пахаю. І толькі адзін чалавек не ведае страху пасярод катастрофы. У левым ніжнім куце кампазіцыі мы бачым пажылога, але моцнага мужчыну з паходняй у правай руцэ (левай ён сціскае прадметы рэлігійнага рытуалу). Яго фігура вырываецца з цемры, прымаючы на сябе некалькі яркіх блікаў святла з цэнтра кампазіцыі. Чырвоная мантыя, у якую ён ахутаны, гучыць водгукам полымя вулкана. На яго шыі ўсплеск святла кантрасна выдзяляе сілуэт крыжа. Гэта святар пампейскай хрысціянскай супольнасці. Ён — з пакалення першых апостальскіх вучняў і прыняў паходню веры з рук святых Пятра і Паўла; ён слухаў іх казанні. Хрысціяніна не палохае дзікая стыхія, ён бачыць у ёй Божы гнеў, пагібель старога свету і пачатак новай эры. Археолагі былі здзіўленыя тым, што́ яны знайшлі ў Пампеях, горадзе раскошных вілаў рымскай арыстакратыі, дзе эліты адпачывалі і аддаваліся роздым радасцям. Аказалася, што горад быў поўны прытонаў і публічных дамоў, сцены якіх размаляваны сцэнамі распусты. Па колькасці гэтых установаў «на душу насельніцтва» Пампеі супернічаюць з Вавілонам — біблейскім сімвалам граху. У мясцовым амфітэатры (ён захаваўся амаль некрануты часам) рымляне з задавальненнем назіралі за гладыятарскімі баямі і расправамі над хрысціянскімі сем’ямі. Раскоша імперыі грунтавалася на цяжкай працы паняволеных народаў і мільёнаў бяспраўных рабоў. «Куміры падаюць…» — напісаў у вершы, прысвечаным карціне Карла Брулова, Аляксандр Пушкін. Валяцца мармуровыя статуі, ламаюцца калоны порцікаў, разбураюцца знакі пыхі і паганства. Вогненная лава імкнецца па адхонах вулкана, разрывае змрочную цемру і, здаецца, гатовая выпаліць усю зямлю ад краю да краю. Але паслядоўнікі Хрыста ведаюць: Бог не пакінуў чалавецтва, Ён вядзе людзей да праўды і збаўлення. Валеры Буйвал
|
|
|
|