|
|
|
№
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя
Постаці
У святле Бібліі
Постаці
Пераклады
Паэзія
Проза
На шляху веры
Асобы
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Наш Касцёл — апора беларускасці. Гэта наўрад ці можна было сцвярджаць яшчэ гадоў 20 назад. Тым большая наша ўдзячнасць каталіцкім святарам, якія працавалі на ніве нацыянальнага адраджэння напрыканцы ХІХ і ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Працавалі ў няпростых умовах неразумення і супрацьдзеяння, у тым ліку і з боку духоўных уладаў. Тым большая наша ўдзячнасць іерарху, які, усведамляючы сябе палякам, у снежні 1918 года правёў у менскай катэдры першую ў нашай гісторыі беларускую св. Імшу, што назаўсёды паклала пачатак беларускаму Касцёлу, які мы бачым сёння. Ды й не ў беларускасці ці польскасці справа, а ў гісторыі жыцця, упрыгожанага высокай духоўнасцю і верай. …Юнаком, стоячы перад труной біскупа Зыгмунта Лазінскага, будучы кардынал Казімір Свёнтэк адышоў ад яе іншым чалавекам. З той хвіліны нябачная постаць вялікага пастыра будзе як Анёл Ахоўнік суправаджаць яго. Таму не дзіўна, што ў асобе кардынала, у яго жыцці, дзеяннях, характары мы бачым своеасаблівае адлюстраванне біскупа Лазінскага. Відавочна, не без уплыву свайго заступніка кардынал Свёнтэк, польскі патрыёт, зрабіў так, каб беларускі Касцёл стаў сапраўды беларускім.
Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 года ў фальварку Барацін пад Наваградкам у сям’і Уладзіслава Лазінскага і Людвікі з Чачотаў — старажытнага беларускага шляхецкага роду герба «Астоя», які паходзіў са Смаленскага ваяводства. Ян Чачот — выдатны беларускі паэт і фалькларыст, адзін з пачынальнікаў нашай нацыянальнай літаратуры і блізкі сябар Адама Міцкевіча (з тых жа мясцінаў), быў сваяком Людвікі. Гэта была добрая сям’я. Да 10 гадоў Зыгмунт выхоўваўся дома, пад апекай пяшчотнай і пабожнай маці, а калі надышоў час ісці ў гімназію, бацькі набылі маёнтак Чэрнік пад Варшавай і аддалі старэйшых сыноў (Зыгмунт меў 6 малодшых братоў і сястру) Зыгмунта і Вацлава ў мясцовую V гімназію, бо бліжэйшыя гімназіі ў Менску, Слуцку і Вільні, асабліва пасля паўстання 1863 года, імкнуліся выхоўваць вучняў не як грамадзянаў свайго краю, а падданых Расейскай імперыі. Але і ў V гімназіі, чым бліжэй падыходзіў час экзаменаў, тым мацней станавіўся ціск. Улады патрабавалі ад дырэктараў гімназій складаць на вучняў характарыстыкі, а па сутнасці даносы, дзе змяшчалася інфармацыя аб палітычных перакананнях, і тых, каго лічылі неблаганадзейнымі, чакалі непераадольныя цяжкасці на экзаменах. На шчасце, у Пецярбургу, у адной з гімназій, дзе браты Лазінскія і правучыліся апошнія два гады, выкладаў рэлігію іх дзядзька кс. Вітальд Чачот. Хаця на новым месцы не было даносаў і здзекаў, як на акупаванай Радзіме, у лістападзе 1888 года Зыгмунта чакаў экзамен на прадмет, што адсутнічае ў навучальных установах. Гэты прадмет з’яўляецца адной з чатырох кардынальных цнотаў і адным з шасці дароў Духа Святога і мае высакародную назву — мужнасць. Пры гімназіі была праваслаўная царква, і здарылася так, што класны настаўнік настаяў, каб вучні пайшлі ў храм, запэўніўшы, што патрабуецца толькі іх прысутнасць. Падчас літургіі, калі ўсе ўкленчылі на заклік святара, маленькая група вучняў католікаў працягвала стаяць, але і яны саступілі, бачачы энергічныя знакі, якія падаваў інспектар. Засталіся толькі двое Лазінскіх, якія ўзвышаліся, нібы два каласы на ніве пахіленых галоваў. Пачаўся скандал. Справа дайшла да Міністэрства асветы. Братам пагражала выключэнне, мабыць, і з «воўчым білетам». Так бы і здарылася дзе-небудзь у Варшаве ці Менску, але ў Пецярбургу начальства мела больш такту і прыстойнасці, чым слугі рэжыму ў правінцыі, таму абышлося без наступстваў. Зыгмунт здаў экзамены і паступіў у духоўную семінарыю, а ў 1891 годзе быў пераведзены ў Пецярбургскую рыма-каталіцкую духоўную акадэмію.
Калі і як ён адчуў пакліканне — невядома. Нават бацькам Зыгмунт паведаміў аб сваім рашэнні толькі перад паступленнем у семінарыю. ...Кс. Марцін Шкапоўскі, таварыш Зыгмунта Лазінскага па акадэміі, сведчыў летам 1918 года, характарызуючы новапрызначанага біскупа Менскага, што ён карыстаўся вялікай любоўю калегаў, быў надзвычай таварыскі, здольны да самаахвярнасці, гарачы патрыёт, пабожны і пакорлівы, просты ў жыцці, дэмакратычны, вельмі натуральны ва ўсіх абставінах, не зносіў ніякіх адзнакаў, ушаноўванняў і рабалепства. Меў жвавы і вытанчаны розум. Паміма агульнай эрудыцыі быў выдатным тэолагам, асабліва спецыялістам у біблійных навуках; ведаў мовы: французскую, нямецкую, італьянскую, англійскую, летувіскую, латышскую, а са старажытных, акрамя грэчаскай і лаціны, габрэйскую і асірыйскую (клінапіс). 23 чэрвеня 1895 года З. Лазінскі прыняў святарскае пасвячэнне. Выкладаў Святое Пісанне і гамілетыку ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі. Далейшыя падзеі, па словах кс. Вітальда Чачота, былі свайго роду пасвячэннем кс. Зыгмунта ў рыцары Хрыста. Даведаўшыся, што яго малодшага брата Канстанціна, які вучыўся ў Гандлёвай школе, прымушаюць удзельнічаць у праваслаўных набажэнствах, ён смела, не зважаючы на няроўныя сілы, кінуўся на абарону свабоды сумлення. Праціўны бок таксама быў настроены рашуча: дырэктар Дэпартамента веравызнанняў пры МУС, які карыстаўся таемным правам вырашаць пытанні самавольна і безапеляцыйна, загадаў арыштаваць энергічнага ксяндза, пазбавіць яго прафесуры і саслаць на тры гады ў карны былы дамініканскі кляштар у Аглоне, пад Дынабургам у Латвіі. Кляштар стаяў у маляўнічай, узгорыстай мясцовасці, паміж двух азёраў. Вокны келляў выходзілі на сад ці гарод; можна было вольна перамяшчацца, а ўтрыманне ў 15 руб. на месяц ды ахвяраванні пабожнага люду, які прыходзіў да Маці Божай Аглонскай, рабіла жыццё цалкам зносным, але хутчэй для старэнькіх ксяндзоў, якія жылі тут на пенсіі, праводзячы рэшту дзён у няспешных размовах ды гульні ў карты. Энергічная натура кс. Зыгмунта патрабавала дзеяння. Заняўся б навуковай працай, але ў кляштары не было бібліятэкі. Перашкода стаяла і на шляху душпастырскай дзейнасці — не ведаў латышскай мовы. Але тут вырашыў не здавацца. Без падручніка (ды й добрай латышскай граматыкі тады не існавала), затое з вялікім жаданнем, практыкуючыся ў жывых зносінах, праз шэсць месяцаў ён дасягнуў такіх поспехаў, што мог прамаўляць гаміліі ў навакольных касцёлах. У чэрвені 1900 г. быў датэрмінова выпушчаны. За нядоўгі час пабываў вікарыем у Смаленску (1900), Туле (1901), Рызе (1902), пробашчам на Кальварыі (тады пад Менскам, 1904) і, нарэшце, у менскай катэдры (1905). Паводле сведчання кс. Вітальда Чачота, гэткія частыя перамяшчэнні тлумачыліся не дрэнным характарам і не жаданнем пераменаў у пошуках лепшага месца. Ішоў шляхам, указаным св. Ігнацыем у «Духоўных практыкаваннях», у аснове якіх была гэтак званая «залатая абыякавасць» — гатоўнасць працаваць у любых умовах. А паколькі на вялікіх абшарах Магілёўскай архідыяцэзіі мала было такіх здольных і палаючых (як св. Ігнацы) святароў, то духоўныя ўлады заўсёды звярталі ўвагу на кс. Зыгмунта. Калі служыў у Туле, слава аб яго дзейнасці разышлася так, што мясцовы архіерэй загадаў прысылаць сваіх семінарыстаў у касцёл, каб паглядзелі, «как это всё у них боголепно». Перад кс. Зыгмунтам адкрылася шырокае поле місіянерскай працы, і яна пачала прыносіць плён (меў нават намер сустрэцца з графам Львом Таўстым, але быў накіраваны на новае месца). У менскай катэдры прабыў нядоўга. Паводле успамінаў Мечыслава Жыўчынскага, прычынай з’явілася тое, што прымаў у каталіцтва былых уніятаў. А тут якраз стала вакантным месца прафесара ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, якое ён займаў да 1909 г., адначасова, з 1908 г., выкладаў Св. Пісанне і габрэйскую мову. Глыбока вывучаючы Св. Пісанне, адчуваў вострую патрэбу адправіцца ў пілігрымку на Святую Зямлю. Атрымаўшы працяглы водпуск, на пачатку 1912 г. сем месяцаў прабыў у Палестыне, а на зваротным шляху яшчэ затрымаўся ў Рыме на 1912/1913 акадэмічны год, запісаўшыся ў лік вучняў толькі што заснаванага Піем Х Інстытута біблійных навук. У 1913 годзе кс. Зыгмунт Лазінскі быў прызначаны канонікам-тэолагам Магілёўскага капітула і рэктарам касцёла Мальтыйскага Ордэну ў Пецярбургу, сумяшчаючы гэтыя пасады з прафесарствам у семінарыі. Пачалася Першая сусветная вайна. Значная колькасць палякаў і ўвогуле католікаў, грамадзянаў Германіі і Аўстра-Венгрыі, трапіла ў расейскі палон. Быў патрэбны святар з веданнем нямецкай мовы, і ў жніўні 1915 г. кс. Зыгмунт, прызначаны капеланам, пачаў аб’езд лагераў ваеннапалонных. За тры месяцы праехаў праз Волагду, Вятку, Перм, Екацерынбург, Омск, Чалябінск, Томск, Нова-Мікалаеўск, Іркуцк, Нарым, Краснаярск, Мінусінск. У 1916 г. быў у Растове-на-Доне, дзе знаходзіліся інтэрніраваныя святары грэка-католікі з Галіцыі, а ў Курску наведаў іх мітрапаліта Шаптыцкага.
Восенню 1917 года ўладу ў былой Расейскай імперыі захапілі бальшавікі. Амаль адначасова прыйшла вестка аб тым, што 2 лістапада 1917 года Cв. Айцец Бэнэдыкт XV прызначыў кс. Зыгмунта Лазінскага біскупам новаўтворанай Менскай дыяцэзіі (адбылося гэта пры падтрымцы Апостальскага нунцыя Ахілеса Рацці, які ў 1922 г. стаў папам Піем ХІ, а за два дні да канклава быў узнагароджаны Юзафам Пілсудскім ордэнам Белага Арла). Прайшло некалькі месяцаў, пакуль з-за ваеннага часу з Рыма паступілі неабходныя дакументы. Кансэкрацыя адбылася ў архікатэдры св. Яна ў Варшаве з выключнай урачыстасцю, якую сталіца не бачыла апошнія 150 гадоў. Інгрэс адбыўся 14 жніўня 1918 года. Уезд Яго Эксцэленцыі ў Менск стаўся поўнай процілегласцю варшаўскім пышнасцям. Яшчэ 25 сакавіка Беларусь была аб’яўлена незалежнай і свабоднай дзяржавай, але гэтая адчайная спроба адраджэння дзяржаўнасці заставалася больш у сэрцах, марах ды на паперы, бо ўсё адбывалася ва ўмовах нямецкай акупацыі. Немцы забаранілі ўрачыстую працэсію, але іх захады не перашкодзілі абвясціць булу Св. Айца наступнага зместу: «Бэнэдыкт XV. Папа, Слуга Слугаў Божых. Улюбёным сынам, святарству і вернікам Мінскай дыяцэзіі віншаванне і апостальскае благаслаўленне. Гэтага дня, з рады вялебных нашых братоў кардыналаў Святога Рымскага Касцёла, улюбёнага сына нашага Зыгмунта Лазінскага, каноніка мітрапалітальнага касцёла магілёўскага, а таксама прафесара духоўнай семінарыі Магілёўскай архідыяцэзіі, Апостальскім нашым аўтарытэтам біскупам вашай мінскай катэдры, дагэтуль асірацелай, абралі і цяпер пастырам прызначаем. А вам усім нагадваем і абавязваем, каб яго, намі абранага біскупа Зыгмунта, прынялі з пакораю, як айца і пастыра душаў вашых, належнай пашанай акружалі, збаўчыя яго ўказанні і распараджэнні з ушанаваннем і паслухмянасцю спаўнялі так, каб ён у вас знайшоў верных сыноў, а вы ў ім добрага айца. Дадзены ў Рыме 2 лістапада 1917 г.». Цяжкім крыжам на плечы новага біскупа ляглі складаныя задачы дыяцэзіі, авечкі якой вось ужо паўстагоддзя пасвіліся без пастыра. Гэта было чыстае поле. Ні капітулы, ні семінарый, ні фундацый. З трохмільённага насельніцтва католікаў была 12-я частка, а астатнія былі ўніятамі, гвалтам загнанымі ў праваслаўе пры Кацярыне ІІ і Мікалаі І. Амаль усе праваслаўныя храмы былі калісьці каталіцкімі ці ўніяцкімі. На шматлікія касцёлы было па-варварску нацягнута псеўдарускае ці візантыйскае «адзенне». Перад біскупам стаялі вялікія місійныя задачы. У кастрычніку першыя 22 клерыкі і аспіранты Пецярбургскай духоўнай акадэміі пачалі працаваць у мурах былога бэрнардынскага кляштара пад кіраўніцтвам аднаго з заснавальнікаў хрысціянскага нацыянальнага руху кс. д-ра Фабіяна Абрантовіча (таксама з Наваградчыны). Увосень хісткае становішча маладой Беларускай Народнай Рэспублікі пагаршалася з кожным днём. Бальшавікі наступалі. Немцы рыхтаваліся пакінуць Менск. У гэтыя апошнія дні біскуп Зыгмунт Лазінскі і кс. д-р Абрантовіч паспелі закласці фундамент будучага нацыянальнага Касцёла. Часопіс «Беларуская думка» ў № 19 за 1919 г. у артыкуле «Справа беларускага біскупа» паведамляў: «(…) Біскуп цікавіўся рухам беларускім і, пераканаўшыся, што гэта справа жыццёвая, паважная, зрабіў беларусам неспадзеўку. 6 снежня 1918 года а гадзіне 8 уранку адбылася першая беларуская Імша ў Менску. Служыў сам біскуп Лазінскі, у часе Імшы пяяў хор па-беларуску рэлігійныя старабеларускія песні пад загадам рэктара семінарыі кс. Абрантовіча. Бабы польскія (…), прабавалі заглушыць хор польскімі песнямі, але гэта ім не ўдалося. У канцы Імшы сам біскуп Лазінскі прачытаў па-беларуску Евангелію і на тэму з Евангеліі казаў казанне: горача, ад сэрца і добра па-беларуску (…). Св. Імша і казанне ўхапілі за сэрца не толькі беларусаў-каталікоў, але і беларусаў-праваслаўных, усе мелі слёзы на вачах (…)». 27 снежня 1918 года Урад БНР пакінуў Менск. У горад увайшлі бальшавікі. Біскуп працягваў служэнне, але пад ціскам вернікаў з пачатку 1919 года на працягу 5 месяцаў хаваўся па навакольных вёсках. Праз некаторы час шалі гісторыі зноў пахіснуліся. 8 жніўня 1919 года войскі Пілсудскага маршыравалі па вуліцах Менска, абуджаных урачыстымі званамі і галасамі ўзрушаных натоўпаў. Было мора кветак. Горад нібыта прачнуўся для новага жыцця. У касцёлах грымеў «Te Deum», а ў праваслаўных храмах ішлі ўрачыстыя набажэнствы. Магчыма, гэта быў адзіны з тых вялікіх узвышаных момантаў у нашай гісторыі, калі ўвесь беларускі народ аб’яднаўся ў адно цэлае без розніцы станаў, нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Сярод сустракаючых былі біскуп Лазінскі, праваслаўны арцыбіскуп Мельхісэдэк, прадстаўнікі ад габрэяў і мусульманаў. На вуліцах віселі адозвы, дзе абвяшчалася, што «пераможнае польскае войска прыносіць на сваіх штыках беларускаму народу права самавызначэння». Юзаф Пілсудскі выдаў адозву, у якой абяцаў, што Польшча і Беларусь будуць ладзіць свае адносіны як роўны з роўным, як вольны з вольным. У верасні, пры асвячэнні старажытнага касцёла ў Міры, пераробленага ў 1863 г. у праваслаўную царкву, біскуп Лазінскі прастыў і злёг з цяжкім запаленнем лёгкіх. Стан настолькі пагоршыўся, што ён зрабіў распараджэнні на выпадак смерці і прыняў св. сакрамэнты. Дзякуючы Пану Богу і старанням лекараў праз тры месяцы хвароба адступіла. Біскуп не саступіў настойлівым парадам нунцыя ад’ехаць падлячыцца на нейкі курорт. А ў гэты час, з павелічэннем вайсковых поспехаў, палякі ўсё вышэй задзіралі нос, сапсаваўшы пры гэтым адносіны з беларускім урадам. У красавіку Пілсудскі зрабіў, мабыць, самую вялікую, памылку ў сваім жыцці — пачаў наступленне на Кіеў і ўзяў яго 6 траўня 1920 года, але ўжо 12 чэрвеня яго войскі імкліва адступалі пад ударамі Чырвонай Арміі. У Менску пачалася паніка. Беглі ўсе, хто мог. Палілі склады з харчаваннем і амуніцыяй. На гэты раз біскуп вырашыў застацца, хаця вернікі малілі яго ратавацца і нават здабылі для яго аўтамабіль. Заўважыў толькі: «Хто ведае, ці не патрабуе Пан Езус маёй крыві як ахвяры, каб вымаліць прабачэнне для ўратавання аўчарні?!». 11 ліпеня апоўдні бальшавікі ўвайшлі ў Менск, а ў жніўні стаялі пад мурамі Варшавы. Біскупа тады не чапалі (хаця выгналі з рэзідэнцыі), тым больш што палякі выслалі дэлегатаў для мірных перамоваў. На свята Унебаўзяцця НПМ здарыўся цуд на Вісле. Дэлегаты-перамоўшчыкі павесялелі і адчулі сябе больш упэўнена. На развітанне ахвяравалі біскупу 1 млн марак на дабрачыннасць, а бальшавікоў папярэдзілі, што, калі хоць волас упадзе з яго галавы, гэта будзе лічыцца casus belli. Але гэта былі пустыя пагрозы. Як толькі яны ад’ехалі, грошы адабралі, біскупа арыштавалі і кінулі за краты, прапанаваўшы пры гэтым падпісаць «абавязак», што ён не будзе выступаць супраць новай улады. «Не толькі гэтай плюгавай паперы не падпішу, — пачулі ў адказ, — але прысягаю на ўсё, што маю найсвятога, што да астатняга подыху буду змагацца супраць вашых бясчынстваў». Адвезлі ў Маскву і кінулі ў Бутырскую турму. Урадам Летувы і прэлатам Міхалкевічам рабіліся намаганні вызваліць біскупа, і ў падпісанай 18 сакавіка 1921 года савецка-польскай мірнай дамове яго вызваленне было гарантаванае. Але вельмі не хацелася сатанінскай уладзе «развітвацца» са сваёй ахвярай, і толькі напрыканцы ліпеня біскуп Лазінскі прыбыў у Варшаву, дзе быў сустрэты як нацыянальны герой вялікім натоўпам — святарствам, прадстаўнікамі цэхаў, грамадскіх аб’яднанняў, Сойму і войска. Пілсудскі, якога не было ў Варшаве, прыслаў ад свайго імя капелана і коней. З вакзала біскуп Лазінскі накіраваўся ў катэдру, дзе была целебраваная св. Імша. Капітула ўзноўленага ордэну Белага Арла ўзнагародзіла біскупа гэтай найвышэйшай адзнакай, а крыху пазней ён атрымаў «Крыж храбрых». Ва ўсіх гэтых падзеях адчуваў горкі прысмак. Па Рыжскай дамове частка Менскай дыяцэзіі пакідалася пад саветамі. Наваградак — калісьці першая сталіца ВКЛ, стаў цяпер сталіцай таго, што засталося ад дыяцэзіі. Рэзідэнцыя біскупа знаходзілася ў дамініканскім кляштары (дзе да 1830 г. была гімназія, у якой вучыўся Адам Міцкевіч) з прылягаючым касцёлам. Абмежаваўся двума келлямі, астатнія памяшканні былі аддадзеныя для капітулы і семінарыі на 75 клерыкаў. З-за недахопу святароў некаторыя прадметы выкладалі свецкія настаўнікі. Да навучальнага працэсу далучыўся і біскуп: выкладаў матэматыку, грэчаскую мову і лаціну. У першыя гады Заходняя Беларусь не была спакойным месцам. Адразу ж пасля падзелу ўсё часцей адбываліся тэрарыстычныя напады з боку саветаў і Летувы. Выпадак 24 верасня 1924 г. абурыў усю Польшчу і прымусіў улады да больш энергічных дзеянняў. Спецыяльны цягнік Берасце — Лунінец, у якім ехалі біскуп Лазінскі і прадстаўнікі дзяржаўнай і мясцовай ўлады, паміж станцыямі Парахонск і Плоўна быў затрыманы бандай з 40 чалавек на чале з некім Трафімам Каліненка, камендантам аднаго з пагранічных участкаў. Усім пасажырам было загадана распрануцца дагала і легчы тварам да зямлі. Пасля рабунку і збіцця бандыты зніклі ў напрамку савецкай мяжы. Жыццё Менскай дыяцэзіі пад саветамі было практычна паралізаванае. Апостальская Сталіца не магла цярпець гэткага становішча. 28 кастрычніка 1925 г. апостальскай канстытуцыяй «Vixdum Poloniae unitas» шляхам далучэння да ацалелай ад бальшавіцкага гвалту часткі новых паветаў была створана новая дыяцэзія (біскупства) з рэзідэнцыяй біскупа ў Пінску. Па сутнасці ўвесь шлях біскупа Лазінскага быў суцэльным выпрабаваннем. Цяпер, у больш спакойных умовах, ён з двайною сілаю аддаўся працы. Прадметам яго асабістых клопатаў стала арганізаваная ў тым жа годзе семінарыя, дзе ён знаходзіў час для выкладання. Як мог, абмяжоўваў уласныя патрэбы: «Каб для маёй беднай дыяцэзіі і асабліва семінарыі чагосьці сэканоміць». Жыў аскетам і спаў на жосткім тапчане. Уласны кнігазбор (2 тыс. тамоў), які завяшчаў семінарыі, быў адзінаю матэрыяльнаю каштоўнасцю яго тэстамэнту. Ва ўмовах, калі Беларусь не існавала як незалежная дзяржава, калі з абодвух бакоў пад Польшчай і пад саветамі знішчалася ўсё нацыянальнае, біскуп Лазінскі прыкладаў намаганні для павелічэння ролі беларускай мовы ў Касцёле. Ён быў жывым прыкладам хрысціянскага жыцця, спалучаў у сабе галубінае сэрца, цвёрдую волю і добрае пачуццё гумару. Яго ўчынкі і выслоўі маглі б легчы ў аснову зборніка накшталт «Кветачак св. Францішка» ці «Кветачак Яна Паўла ІІ», а яго біяграфія — займальнаю і павучальнаю кнігаю для нашчадкаў. Апошняе выпрабаванне — цяжкую хваробу — пераносіў мужна і годна. Нехта з семінарыстаў прыгадваў, што ў апошнюю ноч, калі яны дзяжурылі каля ложка паміраючага, біскуп, бачачы, што юнакам цяжка быць пільнымі, загадаў ім адпачываць, і ўжо скрозь сон адзін з іх бачыў, як біскуп, не жадаючы турбаваць іх, сам апошнім высілкам пацягнуўся да нейкіх прадпісаных лекаў. Ён «быў для ўсіх усім, усім без астатку». На развітанне, якое адбылося 29 сакавіка 1932 г. у Пінскай семінарыі, прыходзілі тысячы і тысячы людзей усіх веравызнанняў. На рэкалекцыях у Гнезне 14 верасня 1928 г., ва ўрачыстаць Узвышэння Святога Крыжа, у прамове, якая стала яго духоўным тэстамэнтам, заклікаў: «Дай ім пастыра, які б іх лепей, чым я, пасвіў». Пан Бог пачуў. Прайшоўшы мноства выпрабаванняў, новы пастыр пабудаваў на фундаменце, закладзеным біскупам Лазінскім, беларускі Касцёл. Цяпер яны спачываюць разам у крыпце пінскай катэдры.
Літаратура
|
|
|
|